Аўторак, 22 Кастрычнік 2024

Гарадскія і раённыя ўлады Віцебска зноў не пагаджаюцца абсталяваць горкі для катання на санках і цюбінгах

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гарадскія актывісты прасілі, каб горкі абсталявалі яшчэ да 1 снежня мінулага года. Перапіска з рознымі інстанцыямі працягваецца і дагэтуль. Паводле апошняга адказу з віцебскага гарвыканкама, у горадзе няма горак, якія варта абсталяваць належным чынам. Паводле падлікаў аўтараў петыцыі, апублікаванай на сайце petitions.by, такіх горак каля 50. Але ўсе яны не з'яўляюцца бяспечнымі.

Месцы, дзе ўзімку дзеці і падлеткі катаюцца на санках і цюбінгах, вядомыя кожнаму гараджаніну. Аднак у адказе з гарвыканкама гаворыцца, што «адміністрацыямі раёнаў праведзены маніторынг», і такім чынам устаноўлена, што «пры наяўным рэльефе месцаў для ўладкавання горак для катання на цюбінгах няма».

Тады незразумела, чым займаецца пракуратура, якая ўзімку час ад часу ініцыюе мерапрыемствы па праверцы такіх месцаў наконт выканання патрабаванняў бяспекі. «Пры гэтым  рэагаванне пракуратуры з'яўляецца хутчэй рэактыўным, а не праактыўным - рост вулічных траўмаў у гэты перыяд года змушае абследаваць месцы, якія выклікалі ўсплёск траўматызму. Такі ж падыход выяўляе і нататка аб небяспеках зімовых вулічных забаў у афіцыйнай газеце Віцебскай вобласці «Віцебскія весці» - яна таксама апублікаваная не ў пачатку зімы, як таго хацелася б, а ў сярэдзіне. Гэта значыць, праблема не папярэджваецца, а аналізуецца ў выніку абвастрэння», - пішуць аўтары петыцыі.

Такім чынам, у Віцебску наспела істотная неабходнасць у арганізацыі і абсталяванні некалькіх месцаў для зімовага катання, якія б адпавядалі патрабаванням для спуску на цюбінгах і санках. Пры гэтым аўтары метыцыі просяць не так і шмат: абсталяваць на тэрыторыі горада Віцебска сама меней дзве дзіцячыя горкі, размясціўшы там неабходную даведачную і папераджальную інфармацыю. А ў выпадку немагчымасці аператыўнага абсталявання такіх горак – уключыць правядзенне работ па іх абсталяванні ў План мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні і ўтрыманні (эксплуатацыі) тэрыторыі на 2024 год.

Цікава, што роўна год таму гарадская газета «Віцьбічы» абяцала, што ўжо неўзабаве стварэннем «цивилизованных мест для катания с горок на санках и тюбингах займутся в Витебской области. Об этом сообщил начальник управления спорта и туризма облисполкома Василий Захаревич на заседании, посвященном перспективам развития физической культуры в Витебской области. Он отметил, что рельеф Витебской области позволяет сооружение подобных объектов в достаточном количестве».

Відавочна, 2024 год ужо рушыць да свайго завяршэння, наперадзе зіма, а горкі так і не абсталяваны. Прычым ніхто, падобна, і не збіраецца вырашаць гэтае пытанне. Прасцей было напісаць, што ў Віцебску зрабіць гэта не дазваляе рэльеф мясцовасці. Хаця яшчэ год таму дазваляў...

З гэтага вынікае толькі адно: катанне з горак зноўку будзе мець стыхійны характар пад пагрозай няшчасных выпадкаў.

Валянціна Рызо