Пра тое, што сабой уяўляюць некаторыя сараі, мы апісвалі на прыкладзе асобных двароў на вуліцы Жасткова. Так, сарай у двары дома №18 ўяўляе небяспеку найперш для дзяцей, якія гуляюць паблізу, -- цагляныя сцены паступова разбураюцца. У безгаспадарчай пабудове нейкі час таму пасяліліся людзі без пэўнага месца жыхарства, і не выключана, што па іх віне там здарыўся пажар. Драўлянай лесвіцы, якая вяла на другі паверх збудавання, ужо даўно няма. Але сярод падлеткаў знаходзяцца рызыканты, каб ускараскацца туды дзеля забавы... Тамтэйшыя жыхары неаднаразова пісалі звароты ў розныя дзяржаўныя інстанцыі, каб небяспечныя пабудовы знеслі.
Звароты ўрэшце былі прынятыя да ведама, і пытанне пра лёс сараеў стала прадметам абмеркавання на пасяджэнні гарвыканкама. Гарадскі аддзел па надзвычайных сітуацыях правёў аналіз стану гаспадарчых пабудоў, размешчаных паблізу шматкватэрных жылых дамоў. Як паведаміў начальнік Віцебскага ГАНС Віталь Валжанкоў, работнікі ЖРЭТа горада Віцебска ў чэрвені-ліпені гэтага года абследавалі сараі і ўстанавілі, што практычна ў кожным чацвёртым з іх лесвіцы, якія вядуць на другі паверх, разваліліся або прыйшлі ў непрыдатны стан - прагнілі прыступкі. Разам з тым меры па прывядзенні надворных пабудоў у бяспечны стан і абмежаванні доступу да аварыйных аб'ектаў суб'ектамі гаспадарання не прымаюцца. Таму гарадскі аддзел па надзвычайных сітуацыях лічыць, што сараі падлягаюць зносу.
Аднак высветлілася, што знесці іх агулам не атрымаецца. І справа не толькі ў грошах, якія неабходны для іх дэмантажу (да слова, знос такое пабудовы абыдзецца бюджэту ад 18 да 25 тысяч рублёў). Як аказалася, некаторыя ізаляваныя сараі прыватызаваныя -- на іх ёсць пасведчанні аб дзяржрэгістрацыі як да дадатку да аформленай ва ўласнасць кватэры. Да гэтага юрыдычнага казусу дадаецца іншы: зямля пад надворнымі пабудовамі ў валоданне не аформлена. Такім чынам, будынак з некалькіх ізаляваных памяшканняў з'яўляецца, па сутнасці, самавольна пабудаваным. Хаця сараі будавалі цэнтралізвана ў 1930-50 гады, каб насельнікі захоўвалі там дровы для пячнога ацяплення. Сёння ў дамах зроблены капітальныя рамонты, і мясцовыя жыхары забяспечаны ўсімі сучаснымі дабротамі. Але некаторыя карыстаюцца сараямі дзеля ўласных мэтаў, і трымаюць іх у парадку – прыкладам, на вуліцы Марка Шагала. І ў такім выпадку зносіць дагледжаныя пабудовы няма патрэбы.
Іншая справа - «аварыйныя» сараі. Па даручэнні старшыні гарвыканкама да 31 снежня ЖЭУ пры падтрымцы адміністрацый раёнаў абавязаныя правесці сходы з жыльцамі дамоў, у дварах якіх знаходзяцца гаспадарчыя пабудовы, каб высветліць, хто з уладальнікаў гатовы ўдзельнічаць у іх аднаўленні. Потым будзе распрацавана гарадская праграма па рамонце і паэтапным зносе сараяў. Прынамсі, гарадскія ўлады гэта абяцаюць.
Руслана Зыкіна