Суддзя Алена Цыганкова аштрафавала прадпрымальніка на 15 базавых велічынь, што складае 600 рублёў. «Падчас судовага пасяджэння Ядзевіч цалкам прызнаў сваю віну і не адмаўляў таго, што здзейсніў правапарушэнне», -- паведамляе сайт Вярхоўнага суда.
Паводле ведамства, пілот «18 верасня 2024 года з пункта старта на плошчы Тысячагоддзя ў г.Віцебску ажыццявіў дэманстрацыйны камерцыйны палёт на цеплавым аэрастаце з мацаваннем да яго металічнай канструкцыі, якая ўтрымлівала канапу аднаго з прыватных прадпрыемстваў з чалавекам, які знаходзіцца на ім у адкрытай паверхні, чым дапусціў парушэнне Правілаў выкарыстання паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 2006 г. № 1471».
Хлопца, які «лятаў на канапе», завуць Аляксей, ен працуе на прыватнай мэблевай вытворчасці «Савлуков-Мебель». Па сцвярджэннях адмыслоўцаў, «пасажыру» нічога не пагражала: «На хлопцы была страхоўка, а ў кошы паветранага шара яго страхаваў адмысловы супрацоўнік. Шанцаў зваліцца – нуль. Для канапы была зроблена стальная рама і «намёртва» прымацавана да коша. Сам шар быў прывязаны да зямлі, каб не паляцеў вышэй за 40 м, як гэта звычайна робіцца на «прывязаных палётах». Пазней канапу, якая пабывала ў небе з рэкламнымі мэтамі, разыгралі сярод падпісчыкаў.
Іосіф Ядзевіч ужо 9 год займаецца «паветранай справай», набыўшы за ўласныя грошы два аэрастата. Яго нярэдка запрашаюць на розныя дзяржаўныя мерапрыемствы па усёй Віцебшчыне і за яе межамі. Ніякіх прэтэнзій да ягонай працы з боку адказных структур пакуль не было.
Таццяна Віктарава