«Такія затратныя работы сталі магчымымі дзякуючы дзяржаўнай праграме па падтрымцы аграгарадкоў», -- гаворыцца ў тэксце на сайце «раёнкі». Тут жа паведамляецца і сума затратаў – 214 тысяч рублёў. Для параўнання: для закупкі светладыёдных экранаў на будучую Плошчу герба і сцяга ў Віцебску ўлады гатовыя выдаткаваць 1 мільён 125 069,43 рублёў, на інтэрактыўны стэнд для той самай плошчы – 129520,51 рублёў), на лаўкі – яшчэ 100 404,72 рублёў. Лічбы выразна сведчаць пра тое, што для ўладаў з'яўляецца першачарговым – ідэаланічны аб'ект інфраструктуры або дабрабыт вяскоўцаў.
Да слова, у артыкуле шчыра гаворыцца пра тое, у якіх умовах жывуць насельнікі аграгарадка: «да вясковых вуліц і завулкаў чарга даходзіць рэдка: сродкаў сельвыканкамам на добраўпарадкаванне адводзіцца нямнога, а ў іх і зімовая расчыстка, і летняе грэйдзіраванне, і іншыя шматлікія “і”. Таму жыхары Сонечнай, Маладзёжнай, Школьнай зараз не проста радуюцца, а і выходзяць лішні раз без гумавікоў, каб атрымаць асалоду ад дарогі без ухабаў». «Для нас жа гэта не проста эстэтыка, а жыццёвая неабходнасць – пад гару па Сонечнай наогул было не падняцца», – зазначае старшыня Глыбачанскага сельвыканкама В.Шаршнёў. Вось такое цяпер у вяскоўцаў «шчасце», дзякуючы новаму асфальту, які не абнаўляўся з 2003 году.
З набліжэннем прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў віцебскіх дзяржСМІ назіраецца выразная тэндэнцыя пісаць пра звычайныя рэчы як пра вялікія дасягненні ў камунальнай або сацыяльнай сферы. Так, «Аршанская газета» нядаўна хвалілася тым, што ў рэгіёне паставілі 270 новых сметніц. І такіх артыкулаў да студзеня наступнага года, відавочна, будзе з'яўляцца ўсё болей і болей: жыхароў Віцебшчыны спрабуюць пераканаць, як добра ім жывецца пры цяперашніх уладах.
Марыя Летунова