Чацвер, 14 Лістапад 2024

Віцебскія ўлады вымушаныя распачаць праграму «Подвалы»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Яна будзе тычыцца выпраўлення праблем, з якімі людзі прыходзяць на прыём да дэпутатаў, - скаргаў на ваду ў скляпеннях, падтапленні, антысанітарны стан, старую электраправодку і гэтак далей. Прычым гэтыя праблемы з'явіліся далёка не зараз, але менавіта цяпер улады імкнуцца прадэманстраваць свой клопат пра простых людзей – хаця б на ўзроўні прыгожых абяцанняў.

Пра тое, што «сейчас завершается формирование новой для города программы с рабочим названием «Подвалы», паведаміў намеснік старшыні гарвыканкама Павел Шыкшнян. Гэтая навіна прагучала падчас прыёму грамадзян сенатаркай Ірынай Ляўковіч. Ды яе прыйшлі некалькі чалавек са скаргамі на камунальныя праблемы. Тут спадар Шыкшнян і заявіў, што «проанализировав ситуацию с обращениями, городские власти обратили внимание, что на первое место вышли вопросы, связанные с затоплением подвалов и ремонтом сетей».

Намеснік старшыні гарвыканкама сказаў літаральна наступнае: «Будем заходить в дом и полностью менять все сети в подвале, что позволит ликвидировать проблему утечек и подтоплений. На 2025 год уже наметили для таких работ около 60 домов, перечень которых после уточнения вывесим на официальном сайте горисполкома для информирования граждан. Это будем делать ежегодно в дополнение к программе капитального ремонта домов, а также ремонту кровель и швов, а на будущее предполагается выделять целевое финансирование на эти цели».

Што замінала выдаткоўваць фінансаванне на падобныя мэты раней, застаецца незразумелым. Бо, да прыкладу, яшчэ ў самым пачатку 2020 года гарадская газета «Віцьбічы» пісала пра тое, што «подвалы — слабое звено». І найбольш выразна гэта праявілася падчас «гарачай лініі» у рэдакцыі. Сёлета ў кастрычніку падчас прыему жыхароў у старшыні віцебскага аблсавета Дзмітрыя Дзямідава ўсё паўтарылася спачатку: людзі ў чарговы раз прыйшлі са скаргамі на стан падвалаў.

Пакуль адзінае рашэнне праблемы, якога можна было дачакацца ад прадстаўнікоў уладаў, - гэта выклік аварыйнай брыгады для адпампоўвання вады. Цяпер, пасля заявы Паўла Шыкшняна, грамадзяне змогуць адсачыць, ці трапілі ў новую праграму менавіта іхныя праблемныя падвалы, і ці стрымае старшыня аблсавета сваю слова наконт «замены ўсіх сетак» у дадатак да абяцанняў правесці рамонт у дварах, добраўпарадкавання дзіцячых пляцовак і гэтак далей.

Ніна Пісарава