Серада, 20 Лістапад 2024

20-гадовы віцяблянін выкзаў прэтэнзіі банку і быў асуджаны за абразу Аляксандра Лукашэнкі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На сайце Віцебскага гарвыканкама выйшла паведамленне ад імя старшага памочніка пракурора г. Віцебска пра сутнасць абвінавачання, падтрыманага ведамствам, супраць «грамадзяніна О.» З вялікай ступенню верагоднасці можна казаць, што вядзецца пра крымінальную справу 20-гадовага віцябляніна Арцёма Янкіна, асуджанага сёлета ў верасні паводле ч. 1 арт. 368 КК.

19 верасня ў судзе Кастрычніцкага раёну быў анансаваны разбор справы, распачатай супраць Арцёма Янкіна, справу якога празначылі разбіраць суддзю Святлану Кузмічонак. На той момант сутнасць справы не была вядомая. Як і вынік разбору апеляцыйнай скаргі, які адбыўся 15 лістапада.

Згодна з паведамленнем пракуратуры, «грамадзянін О.» сёлета ў чэрвені вырашыў пакласці грошы праз інфакіёск, але ў яго не атрымалася ажыццявіць запланаваную аперацыю. Таму ён, вярнуўшыся дадому, «патэлефанаваў супрацоўніку кантакт-цэнтра ААТ «ААБ Беларусбанк» і падчас гутаркі негатыўна выказаўся ў адрас прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Органы следства і пракуратуры кваліфікавалі гэта як «публічную абразу», бо «былі нанесены ў прысутнасці старонняй асобы - супрацоўніка кантакт-цэнтра ААТ "ААБ Беларусбанк", якая ў далейшым давяла дадзеную інфармацыю да іншых асоб (кіраўніцтва)». Па сутнасці, супрацоўніца банка сама і «апублічыла» змест прыватнай гутаркі.

Таксама следства вырашыла, што выказванні «грамадзяніна О.» з'яўляюцца «зневажальнымі, падрываюць аўтарытэт Кіраўніка дзяржавы, яго асабістыя і прафесійныя якасці, а таксама аўтарытэт дзяржаўнай улады ў цэлым».

Падсудны быў прызнаны вінаватым у публічнай абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і яму на падставе ч.1 арт.368 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь было прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год 3 месяцы з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама на падставе ч.1 арт.46-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прыменена спецыяльная канфіскацыя ў даход дзяржавы мабільнага тэлефона «грамадзяніна О» -- ён быў прызнаны «сродкам учынення злачынства».

Указанне ўзросту асуджанага, удзелу ў справе гарадской пракуратуры, а таксама час выхаду інфармацыі на сайце Віцебскага гарвыканкама даюць падставы для высноваў, што ў ёй гаворыцца менавіта пра Арцёма Янкіна. Іншых справаў супраць маладых людзей такога ж узросту, распачатых паводле ч.1 арт.368 КК, у раскладах судоў вобласці не было.

Пра асобу асуджанага вядома няшмат. Паводле звестак з адкрытых крыніц, 20-гадовы жыхар Віцебска Арцём Янкін праяўляў вялікую актыўнасць у сацыяльных сетках. У "ОК" і "ВК" у хлопца зарэгістравана па некалькі дзясяткаў акаўнтаў.

Антон Гаўрусёў