Пачатак цыклу імпрэзаў быў урачысты, з удзелам найлепшых творчых калектываў Аршаншчыны. На адкрыццё «інтэлектуальнага марафону» запрасілі не толькі навучэнцаў палітэхнічнага каледжа, але і навучэнцаў іншых установаў. Настрой, які спрабавалі стварыць у гледачоў, перадае хіба такі пасаж з артыкула ў «Аршанскай газеце»: «Музычная кампазіцыя «Матушка зямля» ў выкананні выкладчыка дзіцячай школы мастацтваў № 2 горада Оршы Кацярыны Шахоўскай стварыла ў гледачоў атмасферу душэўнасці, якая адпавядае рускім нацыянальным традыцыям».
Маладым людзям, якія па гістарычных прычынах не вельмі добра валодаюць роднай мовай, будуць прышчапляць моўныя каштоўнасці суседняй краіны. З удзелам беларускіх падлеткаў запланаваны такія імпрэзы, як віктарына «Могу писать», анлайн-вэбінар «Десять способов повысить культуру речи», конкурс даследчых прац «Лингвистический словарь», творчы конкурс «Я пишу тебе письмо…».
Мясцовыя ўлады, на фоне размоваў пра «патрыятызм», цалкам ухваляюць правядзенне падобных «марафонаў», падчас якіх выхоўваецца інтарэс да культуры іншай краіны. І ахвяруюць уласнымі, беларускімі культурніцкімі традыцыямі на карысць «русского мира».
Нагадаем, зусім нядаўна, 26 лістапада – у дзень народзінаў класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча - у Віцебску пачалі ствараць Цэнтр рускай мовы і культуры. А ў Оршы 94-я ўгодкі пісьменніка -земляка практычна не былі адзначаныя на афіцыйным узроўні.
Максім Патапаў