Серада, 18 Снежань 2024

Да чаго дайшло! Склізкую сцежку пасыпалі пяском – і ўжо нагода да хвалебнага артыкула ў «раёнцы»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У памкненні выканаць перадвыбарчы загад Аляксандра Лукашэнкі пра выкананне «просьбаў працоўных», мясцовыя ўлады імкнуцца надаць публічнасці кожнай дробнай справе. Якая, дарэчы, у любым выпадку мусіла б быць выкананая, бо гэта чыесьці працоўныя абавязкі... Раённыя газеты наперабой паведамляюць пра падобныя «гучныя поспехі», але бешанковіцкая «Зара», як кажуць, пабіла ўсе рэкорды!

Мы ўжо пісалі, як пасля шматгадовых безвыніковых зваротаў раптам адрамантавалі драўляную лесвіцу ў Оршы. І што «Аршанская газета» падала гэтую падзею як значнае сацыяльнае дасягненне. Або - «касмічнага масштабу» здарэнне ў Шумілінскім раёне: газета «Герой працы» з захапленем напісала, як «па просьбах вяскоўцаў адрамантавалі дарогу». А тае дарогі, якая знаходзіцца ў Каўлякоўскім сельсавеце, усяго 853 метры.

Як паказала практыка, нагодай для хвалебнага артыкула можа быць яшчэ й не тое! «У Бешанковічах добраўпарадкавалі падыход да сцяжынкі праз Безназоўны ручай» - так называецца артыкул на сайце раённай газеты «Зара». Звярніце ўвагу, нават не сцяжынку «добраўпарадкавалі», а «падыход да сцяжынкі». А заадно атрымаў уласную назву і ручай, які мясцовыя проста аніяк не называюць...

Пачытаем па парадку. Людзі звыклі спускацца да мосціка цераз ручай з невысокага ўзгорка, скарачаючы свой шлях. Але дабрацца да пратаптанай сцяжынкі з першымі замаразкамі бывае складана, бо дарога па вуліцы Першамайскай склізкая. З гэтага месца пачынаецца «гераічны аповед»: на ўзбочыне «ужо ляжала завезеная камунальнай службай пясчана-саляная сумесь», і ёй пасыпалі дарогу. Яшчэ камунальныя службы «усталявалі жалезны поручань» - калі меркаваць па фотаздымку у газеце, прыкладна двухметровай даўжыні. Ён таксама закліканы ўвасабляць «добраўпарадкаванне падыходу да сцяжынкі». У далейшых, не менш грандыёзных планах ЖКГ, піша выданне, «прывесці ў належны стан сцяжынку ўздож плота, якая вядзе ў бок шматпавярхоўкі».

Безумоўна, мясцовыя чытачы, вымушаныя трываць нязручнасці, узрадаваліся і пасыпанай пяском вуліцы, і, можа, жалезнаму поручню на тым месцы, дзе даводзіцца збочваць з дарогі на сцежку. І нават перспектывам таго, што ім -не, незробяць нармальную дарогу, а «прывядуць у належны стан сцяжынку»... Аднак гэта звычайныя справы, якія камунальнікі абавязаны рабіць у сілу сваіх працоўных абавязкаў. «Раёнка» ж спрабуе ператварыць іх у нешта такое, за што жыхары райцэнтра павінны быць бязмежна ўдзячныя – нібыта для іх зрабілі вялікую міласць.

Рыгор Каўняровіч