Мясцовы сайт Haradok.info зьвязаў зьнікненьне помніку з барацьбой чыноўнікаў з магчымай карупцыяй: нібыта цана помніку ў 1 мільярд 200 мільёнаў рублёў камусьці падалася падазрона высокай. «Паводле чутак, чыноўнікі ад казначэйства зьвярнуліся ў праваахоўныя органы наконт абгрунтаванасьці заяўленага кошту помніку і не атрымалі дабра на пералічэньне грошаў аўтарам помніку», — піша сайт.
Аднак відаць па ўсім, прычына дэмантажу помніку больш празаічная: чыноўнікі проста адмовіліся плаціць за помнік. Начальнік аддзелу ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі Гарадоцкага райвыканкаму Натальля Гамзюк паведаміла, што помнік знаходзіўся ў Гарадку па дамове бязвыплатнага карыстаньня, і цяпер надышоў час вярнуць помнік яго ўладальніку — ААТ «Ліцейны двор».
Дырэктар ліцейна-мастацкага прадпрыемства «Ліцейны двор» Мікалай Столяр пацьвердзіў: помнік цяпер сапраўды знаходзіцца на тэрыторыі прадпрыемства. Яго забралі, бо чыноўнікі проста не заплацілі за яго: «Яшчэ калі мы рабілі помнік, і старшыня, і намесьнік старшыні райвыканкаму званілі нам і пагражалі, каб мы вырабілі помнік. Мы прасілі заплаціць, а яны нам адказваюць: «Заплацім, чаго вы перажываеце». Мы помнік зрабілі: усё ж сьвята. Завезьлі помнік у Гарадок, паставілі яго, каб людзі сустрэлі «Дажынкі».
«Першапачаткова ў нас была дамова на куплю помніку, — распавёў Мікалай Столяр. — Яе заключалі з упраўленьнем капітальнага будаўніцтва. Потым райвыканкам вырашыў, што УКС помнік ня выкупіць, а выкупіць аддзел культуры. Тройчы падаўжалі тэрмін разьліку за праект. Таму мы аформілі дамову бязвыплатнага карыстаньня, каб у райвыканкаму быў час падрыхтаваць дакумэнты і каб не забіраць помнік з Гарадка. На жаль, яны нічога ня выкупілі, а ў апошнім лісьце з райвыканкаму папрасілі забраць помнік. Вось мы і забралі».
Мікалай Столяр кажа, што ў прадпрыемства дагэтуль ёсьць дамова з упраўленьнем капітальнага будаўніцтва, паводле якой помнік мусяць выкупіць. «Мы можам судзіцца з Гарадоцкім райвыканкамам, але вырашылі не рабіць гэтага», — кажа Столяр. Дырэктар «Ліцейнага двара» нагадвае, што чыноўнікі ўсё ж могуць выкупіць помнік за 1 мільярд 186 мільёнаў беларускіх рублёў. Магчыма, што чыноўнікі і не зьбіраліся купляць помнік — ён мог быць патрэбны не для ўшанаваньня памяці аўтара «Тараса на Парнасе» Канстанціна Вераніцына, а ў якасьці дэкарацыі для «Дажынак».
Крыніца: «Наша Ніва»