Паводле яго слоў, у горадзе назіраецца пастаянны адток мэдычных кадраў. Узьнікла сытуацыя, калі вузкіх спэцыялістаў налічваюцца адзінкі на цэлы горад. Да некаторых спэцыялістаў чарга па запісу даходзіць да двух месяцаў.
У межах маштабнай мадэрнізацыі сыстэмы аховы здароўя вобласьці ў пачатку 2012 году ў Воршы пачалося будаўніцтва лячэбнага 10-павярховага корпусу гарадзкога шпіталя №1 імя Сямашкі. Ён павінен стаць найбуйнейшым мэдычным аб’ектам у раёне.
Заплянавана, што гэта будзе адзіны сучасны лячэбны цэнтар з мноствам аддзяленьняў, якія пераедуць сюды зь іншых карпусоў шпіталя і мэдычных устаноў гораду: нэўралягічным, гемадыялізу, гінэкалягічным, тэрапэўтычным, кардыялягічным, лор-хвароб і афтальмалягічным. Акрамя таго, заплянаваны два дапаможныя аддзяленьні: дыягностыкі і аднаўленчае (фізыялячэньне, масаж і г. д.). На 1-м паверсе разьмесьціцца рэанімацыйнае аддзяленьне, пашырыцца лябараторыя. Пры гэтым улады замоўчваюць той факт, што аддзяленьні, якія перавядуць у новы корпус, падвергнуцца скарачэньню ложка-месцаў, некаторыя, паводле слоў лекараў, скароцяць удвая.
Увод у строй новага корпусу быў заплянаваны на канец 2013 году. Але тэрміны здачы аб’екту ўжо пераносіліся двойчы. Сёлета недабудаваны корпус будзе, імаверна, ізноў зімаваць бяз даху. “Няма грошай”, - кажуць улады гораду. Тым ня менш пры адсутнасьці сродкаў гарадзкія ўлады за апошнія чатыры гады на падсьвятленьне дамоў і сьвяточную ілюмінацыю выдаткавалі каля 300 тысяч даляраў, а з апошніх “неабходных” гораду набыткаў - гэта купля да Новага году вулічнай елкі коштам 420 мільёнаў рублёў.
“А пакуль мы лечымся ў шпіталёх, якія былі пабудаваныя да «гістарычнага матэрыялізму»”, - адзначыў Яўген Анішчанка.
Крыніца: Прэсавая служба БХД