Паводле апісання праекта "Витебск-арены", там запланаваны фудкорт, кавярня на 75 месцаў, спортзалы, канферэнц-зал, крама, а таксама аўтастаянка на амаль 400 месцаў і дзевяціярусны паркінг на 432 аўто. Цікава, што ўласна лядовая пляцоўка будзе меншай, чым у “старым” будынку: там яе параметры 61 на 30 м, а памеры запраектаванай - 60 на 26 м. Мяркуецца, што там будуць праводзіць спаборніцтвы па лядовых відах спорта, масавыя катанні і канцэрты – практычна ўсё тое самае, што зараз праводзяць у наяўным Палацы спорту.
Грамадскае абмеркаванне будучага будаўніцтва афіцыйна завершана. Яго вынікі пакуль не апублікаваныя, хаця ранейшы досвед падобных абмеркаванняў паказвае, што меркаванні гараджан застаюцца па-за ўвагай адказных чыноўнікаў...
Што думаюць пра новы аб’ект жыхары Віцебска, можна даведацца з каментароў у сацыяльных сетках. Дарэчы, ухвальных знайсці амаль не ўдалося.
- Я не разумею, што за канцэрты і шоў там будуць праводзіць круглы год? Каму патрэбны канферэнц-зал? А масавыя катанні на каньках? Жыхарам катастрафічна бракуе каткоў?
- Там жа напісана: дзевяціярусны паркінг. Залатая зямля пры наяўнасці аграменных спальных раёнаў без месцаў для паркоўкі. Ніякай другой лядовай арэны там не будзе , проста велізарная паркоўка.
- У бюджэце лішнія грошы з’явіліся. Вось і не ведаюць, куды выкінуць. На добраўпарадкаванне двароў і гарбатых тратуараў няма, а на паказуху знаходзяць.
- У сувязі, ак адзначана на самым версе, з глыбокім правалам эканомікі вобласці ніхто не дазволіць укладаць мізерныя сродкі ў падобныя цуд-пражэкты.
З апошнім меркаваннем можна паспрачацца: падобны досвед ужо ёсць. Нягледзячы на правальны эканамічны стан, у Віцебску і Оршы збудавалі плошчы дзяржаўнай сімволікі з флагштокамі. Пры гэтым аршанская Плошча герба і сцяга каштавала больш за 2 мільёна рублёў, а суму выдаткаў на віцебскую так афіцыйна і не назвалі. Але толькі светладыёдныя экраны для яе каштавалі 1 125 069,43 рублёў.
Колькі будзе каштаваць "Витебск-арена", жыхарам Віцебска таксама не кажуць.
Аліна Пятрова