Аўторак, 02 Чэрвень 2026

Школьнікаў звазілі на экскурсію на ... вучэбны палігон у Лепельскім раёне

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гэта месца, дзе навучаюць вайскоўцаў. І школьнікам з Чашніцкага і Лепельскага раёнаў паказвалі, як адбываюцца заняткі па агнявой падрыхтоўцы, як дзейнічае вайсковая тэхніка. Адметна, што падчас вучэнняў жыхарам бліжэйшага наваколля строга забаронена падыходзіць да палігона. Але хлопцаў- вучняў старэйшых класаў – завезлі непасрэдна туды. Прычым гэта адбылося  не ў межах прадмета “Дапрызыўная падрыхтоўка”, а падавалася як “экскурсія”.


Што стаіць за словамі пра патрыятычнае выхаванне і падрыхтоўку да службы ў войску? Праваабаронцы разглядаюць такую практыку як мэтанакіраванае ўкараненне ваеннай дактрыны ў паўсядзённае жыцчё непаўналетніх, што наўпрост закранае міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека, у прыватнасці Канвенцыю ААН аб правах дзіцяці. Згодна з міжнароднымі нормамі, адукацыя павінна рыхтаваць дзіця да свядомага жыцця ў вольным грамадстве ў духу міру і талерантнасці, таму прымусовае ці штучнае навязванне ваеннай тэматыкі парушае права дзіцяці на гарманічнае развіццё і бяспечнае адукацыйнае асяроддзе.

Псіхолагі адзначаюць, што падобныя “экскурсіі” уплываюць на падлеткаў негатыўна – яны сціраюць  бар’ер успрымання вайны як трагедыі і прыводзіць да нармалізацыі вайны ў свядомасці непаўналетніх. Армейскае асяроддзе і  тэхніка, здольная забраць чужыя жыцці,  падаюцца дзецям як звычайная частка жыцця, што супярэчыць праву на выхаванне ў духу павагі да чалавечага жыцця і мірнага суіснавання.

Мілітарызацыя адукацыі і выхавання прадстаўляе  армію як куззню гераізму, а ваенная прапаганда замяняе  пашырэнне гістарычных ведаў. На фоне масавага закрыцця ў краіне незалежных маладзёжных, культурных і асветніцкіх арганізацый, міністэрствы абароны і ўнутраных спраў сталі манапалістамі ў сферы арганізацыі вольнага часу падлеткаў.

Варта заўважыць, што падобныя экскурсіі праходзяць на фоне агрэсіўнай дзяржаўнай рыторыкі пра знешнія пагрозы,  і вайсковы палігон падаецца як увасабленне  дзяржаўнай моцы. Такім чынам у школьнікаў фармуюць уражанне, што бяспека дзяржавы трымаецца выключна на ваеннай сіле, што цалкам парушае прынцыпы міжнароднага права, накіраваныя на развіццё дружалюбных адносін паміж народамі.

Варта прыгадаць, што якраз гэтымі днямі ў Лепельскім і Чашніцкім раёнах праходзяць вучэнні тэрытарыяльнай абароны. Таму гэты рэгіён аказаўся істотна пагружаны  ў супольную мілітарызацыю перад уяўнымі знешнімі пагрозамі, якія часта згадвае дзяржаўная ідэалагічная рыторыка.

Алег Вярцінскі