Усё распачалося некалькі месяцаў таму. Тады два дзясяткі грамадзян, што жывуць у раёне кінатэатру «Мір», зьвярнуліся да прэзыдэнта Лукашэнкі зь лістом, у якім скардзіліся на дзеяньні віцебскіх уладаў і кіраўніцтва ТДА «Навукова-вытворчае прадпрыемства “Мера”». Гэтая камэрцыйная структура будуе шматпавярховік і гандлёва-адміністрацыйны будынак у квартале вул. Леніна, вул. Чэхава і вул. Грыбаедава, вул. Суворава.
У сваім звароце жыхары двух дамоў, якія плянуецца зьнесьці ва ўгоду бізнэс-інтарэсам НВП «Мера», – № 35 па вул. Суворава і № 66-а па вул. Леніна – паведамлялі кіраўніку дзяржавы: зьяўляючыся дырэктарам ТДА «НВП Мера», С. Літвінчук плянамерна захоплівае нерухомасьць і вялікія ўчасткі зямлі ў прыватную ўласнасьць, робіць замах на зямельныя ўчасткі грамадзян у цэнтры гораду, выганяе іх, ушчыльняе дваровыя тэрыторыі, ультыматыўна патрабуе ад жыхароў дамоў, разьмешчаных паміж яго будоўлямі і кінатэатрам «Мір», добраахвотна адмовіцца ад свайго жытла і зямельных участкаў на ягоную карысьць.
Паводле практыкі, што склалася, працаўнікі адміністрацыі прэзыдэнта пераслалі зварот віцебчукоў ў Віцебскі абласны выканаўчы камітэт, каб са скаргай і скаржнікамі разабраліся мясцовыя чыноўнікі.
А пасьля… па заяве С. Літвінчука старшы інспэктар ААПП Кастрычніцкага РАУС Віцебску маёр міліцыі Аляксей Паўлаў склаў адміністрацыйны пратакол у дачыненьні да аднаго са скаржнікаў – Паўла Тулубенскага – паводле арт. 9.2 (паклёп) Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях Рэспублікі Беларусь.
Падчас разгляду справы ў судзе высьветлілася, што жыхары наадрэз адмовіліся перасяляцца з прычыны нераўнацэннасьці кошту цяперашняга жытла і таго жытла, якое было паабяцанае камэрсантамі. Аднак нават пасьля пісьмовай адмовы перасяляцца, прадстаўнікі ТДА «НВП Мера» неаднаразова дапякалі жыхарам ўгаворамі і абяцанкамі. Гэтыя дзеяньні жыхары ўспрынялі як спробы захопу іх жытла і зямельных участкаў камэрцыйнай фірмай.
Павал Тулубенскі прызнаў у судзе, што, магчыма, ён і іншыя падпісанты звароту да Лукашэнкі ахарактарызавалі дзеяньні камэрсантаў ня тымі словамі. Аднак, паводле яго слоў, дзеяньні камэрсантаў сапраўды псыхалягічна ўспрымаліся як адкрыты замах на іх нерухомую маёмасьць. Было незразумела, якім чынам і за якія заслугі ТДА «НВП Мера» атрымала ва ўласнасьць ажно шэсьць участкаў зямлі ў цэнтры горада, ці была выкананая дзяржаўнымі органамі працэдура перадачы гэтых участкаў, і ці пакінуць пасьля адмовы перасяляцца ў спакоі яго і ягоную састарэлую маці – ардэнаносца.
Сяргей Літвінчук растлумачыў суду, што ён дзейнічаў згодна з законам і ў сілу рашэньняў Віцебскага выканаўчага камітэту і праектнага інстытуту «Віцебскгапразем». Ён паведаміў, што лічыць сябе пацярпелым, абгавораным, бо ў скарзе жыхароў дамоў № 35 па вул. Суворава і № 66-а па вул. Леніна, накіраванай прэзыдэнту краіны, утрымлівацца абразьлівыя і паклёпніцкія зьвесткі. Больш таго, з-за скаргі Лукашэнку пацярпеў ягоны бізнэс – у цяперашні час будаўніцтва комплексу прыпыненае і ў дачыненьні да ТДА «НВП Мера» вядуцца праверкі і разгляды з боку дзяржорганаў. Праўда, ён пацьвердзіў, што дасылаў лісты з прапановамі жыхарам зносімых дамоў перасяліцца ў добраўпарадкаванае жытло.
Пасьля нядоўгага разгляду, судзьдзя Кастрычніцкага раёну Віцебску Яўген Буруноў абвясьціў рашэньне: у дзеяньнях Паўла Тулубенскага праглядаецца склад адміністрацыйнага правапарушэньня – паклёп у дачыненьні да дырэктара ТДА «НВП Мера» Сяргея Літвінчука. І на гэтай падставе аштрафаваў сп. Тулубенскага на суму ў 3 млн. рублёў.
Аднак застаецца пытаньне: ці будуць пакараныя штрафамі астатнія шаснаццаць падпісантаў скаргі да кіраўніка дзяржавы, або ў краіне дзейнічае выбарчае прымяненьне Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях? Бо, фактычна, Павал Тулубенскі быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці толькі з-за таго, што на канпэрце са скаргай прэзыдэнту менавіта яго хатні адрас быў пазначаны ў якасьці зваротнага адрасу.