Як паведамілі ў Вярхоўным судзе, 22 сьнежня 2013 году прыблізна а 22:00 абвінавачваны, знаходзячыся ў стане алькагольнага ап’яненьня, кіраваў асабістым тэхнічна спраўным аўтамабілем “Фальксваген-Пасат”, рухаючыся па крайняй левай паласе праезнай часткі вуліцы Горкага ў Віцебску з хуткасьцю, якая не была бясьпечнай для дарожнага руху. Набліжаючыся да прыпыначнага пункту трамвая, маючы пры гэтым магчымасьць бачыць малалетняга пешахода 2006 году нараджэньня, які выйшаў з трамвая, і знаходзячыся на адлегласьці, дастатковай для спыненьня кіраванага ім транспартнага сродку, да месца наезду кіроўца мер да зьніжэньня хуткасьці і спыненьня транспартнага сродку не прыняў, хаця абавязаны быў гэта зрабіць, і працягнуў рух. У выніку пярэдняй часткай аўтамабіля кіроўца ўчыніў наезд на дзіця, якое выйшла зь пярэдніх дзьвярэй трамвая і пераходзіла праезную частку дарогі. Зь месца ДТЗ кіроўца уцёк, пра здарэньне ў мэдычную ўстанову і міліцыю не паведаміў, пацярпелага кінуў без дапамогі.
На падставе ч. 4 арт. 317 КК кіроўцу было прызначанае пакараньне ў выглядзе сямі гадоў пазбаўленьня волі з пазбаўленьнем права займацца дзейнасьцю, зьвязанай з кіраваньнем транспартнымі сродкамі, тэрмінам на пяць гадоў. Апрача таго, ён прызнаны судом вінаватым у заведамым пакіданьні ў небясьпецы, учыненым асобай, якая сама па неасьцярожнасьці паставіла пацярпелага ў небясьпечнае для жыцьця становішча, і на падставе ч. 3 арт. 159 КК кіроўцу прызначанае пакараньне ў выглядзе двух гадоў пазбаўленьня волі.
Па сукупнасьці злачынстваў, шляхам паглынаньня менш суворага пакараньня больш суворым, судом канчаткова кіроўцу прызначанае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на сем гадоў з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму з пазбаўленьнем права займацца дзейнасьцю, зьвязанай з кіраваньнем транспартнымі сродкамі, тэрмінам на пяць гадоў.
Судом пастаноўлена спагнаць з кіроўцы матэрыяльную кампэнсацыю маральнай шкоды на карысьць пацярпелых (бацькоў хлопчыка) па 100 млн. рублёў і пошліну ў даход дзяржавы 900 тыс. рублёў.
Прысуд не набыў законную моц, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў Віцебскі абласны суд.
Крыніца: БелаПАН