Зьвяртаючыся ў Вярхоўны суд, Аляксандар Холад хацеў адмяніць несправядлівае, на ягоную думку, рашэньне суду Чыгуначнага раёну Віцебску, вынесенае яшчэ ў студзені 2013 году. Гэтай пастановай судзьдзя Сьвятлана Варатынская ў закрытым судовым паседжаньні задаволіла грамадзянскі пазоў па абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі былога дырэктара сярэдняй школы №27 Віцебску Ірыны Ісачанка. Паводле вэрдыкту суду, Холад быў абавязаны выплаціць І. Ісачанка грашовую кампэнсацыю маральнай шкоды ў суме 3 млн. рублёў і іншыя выдаткі суду і пазоўніка ў памеры 2,5 млн. рублёў.
Аднак спадар Холад не пагадзіўся з рашэньнем суду. Ён сьцьвярджае, што ня меў намеру зьняважыць гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыі І. Ісачэнка, калі зьвяртаўся зь пісьмовымі заявамі ў рэдакцыі газэт «Звязда», «Советская Белоруссия» і ў адрас адміністрацыі прэзыдэнта краіны. Ён толькі паведаміў журналістам і ў адміністрацыю пра тое, што, знаходзячыся на пасадзе дырэктара СШ №27, І. Ісачанка займалася падробкай дакумэнтаў на правядзеньне факультатываў па прадметах «сальфэджыё» і «хор», і частка грашовых сродкаў за нявыкананую працу вярталася ёй.
Тым не менш ані касацыйная інстанцыя, ані нагляд з боку старшыні Віцебскага абласнога суду Мікалая Хамічонка ня выявілі ў дзеяньнях і ў пастанове судзьдзі Варатынскай парушэньняў дзейнага заканадаўства і пакінулі яго бязь зьменаў, а скаргі Холада без задавальненьня.
Намесьнік старшыні ВС Андрэй Забара і першы намесьнік старшыні ВС Аляксандар Федарцоў наогул адмовіліся разглядаць наглядныя скаргі віцебскага актывіста з той прычыны, што, на іх думку , у тэкстах яго скаргаў зьмяшчаліся абразьлівыя словы і выразы. Больш таго, скаржнік быў папярэджаны Федорцовым пра тое, што ў далейшым у выпадку накіраваньня ім у Вярхоўны суд скаргаў і зваротаў, якія зьмяшчаюць абразьлівыя або паклёпніцкія выразы на адрас правасудзьдзя ці канкрэтных судзьдзяў, ліставаньне зь ім весьціся ня будзе.
Аднак дзеючая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і шэраг міжнародных дамоваў наўпрост кажуць пра недапушчальнасьць пазбаўленьня беларускіх грамадзян доступу да правасудзьдзя. Бо бяз доступу да суду ня можа быць вяршэнства права, якое зьяўляецца паказчыкам цывілізаванасьці і разьвітасьці судовай сыстэмы любой краіны.
Зыходзячы з гэтага, Аляксандар Холад накіраваў скаргу старшыню Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь Валянціну Сукалу з надзеяй, што галоўны судзьдзя краіны, як ніхто іншы, разумее важнасьць доступу грамадзян да справядлівага, незалежнага і кампэтэнтнага суду. І гэтае разуменьне прывядзе да скасаваньня неправасудных судовых рашэньняў і да разгляду яго нагляднай скаргі ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь.