Павал Левінаў запатрабаваў прыцягнуць спадарыню Шубіну да крымінальнай адказнасьці адразу пасьля выбараў, бо лічыць былую старшыню вінаватай у фальшаваньні вынікаў галасаваньня, а таксама ў фальшаваньні пратаколу паседжаньня камісіі: «Спачатку мне адмовілі, але я абскардзіў гэтую адмову на той падставе, што праверка дзеяньняў старшыні ўчастковай камісіі № 52 была няпоўнай».
«Такім чынам, мне адмаўлялі некалькі разоў, і некалькі разоў я аспрэчваў гэтае рашэньне. Апошні раз я абскардзіў адмову з Першамайскага РАУС у гарадзкой пракуратуры. Пракурор Віцебску загадаў паўторна апытаць спадарыню Шубіну, і нават адзначыў, па якіх пытаньнях. Але гэта распараджэньне так і засталося ня выкананым, бо Ніну Шубіну міліцыя не знайшла», — кажа праваабаронца.
Як стала вядома Паўлу Левінаву, былую старшыню шукалі і па месцы працы, і па месцы жыхарства: «Ніна Шубіна працуе намесьнікам дырэктара ААТ „Малако“ па кадрах і ідэалягічнай працы. На прадпрыемства ААТ „Малако“ міліцыю запэўнілі, што Ніна Шубіна была ў адпачынку да 26 верасьня, але дагэтуль на працоўным месцы яе няма, і дзе яна цяпер, ніхто ня ведае. Але, паводле афіцыйных зьвестак на сайце прадпрыемства, яна па-ранейшаму займае былую пасаду. Суседзі таксама ня бачылі гэтую сям’ю ўжо каля двух месяцаў — ані саму спадарыню Шубіну, ані яе мужа».
Атрымаўшы чарговую адмову распачаць крымінальную справу за парушэньне выбарчага заканадаўства з прычыны немагчымасці правесьці праверку, праваабаронца напісаў заяву ў абласную ўправу МУС пра зьнікненне чалавека. Левінаў не выключае, што гэтае «таямнічае зьнікненьне» можа стацца добрай падставай, каб замоўчаць факты парушэньня наогул. Таму пра сытуацыю ў Віцебску ён таксама праінфармаваў і старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну.