Непрыязныя адносіны паміж лепельчанамі ўзьніклі не адзін дзень таму. Не ўдаючыся ў падрабязнасьці канфлікту, варта сказаць, што скончыцца супрацьстаяньне магло вельмі трагічна.
Падчас судовага паседжаньня мужчына распавёў, як усё было. Час для зьдзяйсьненьня злачынства ён абраў вечаровы, наліў у бутэльку з бэнзапілы гаручую вадкасьць, уставіў туды замест кнота анучу і пайшоў да патрэбнай жылой пабудовы.
Яго меркаваная ахвяра тады была дома і, вядома, нават не здагадвалася, якая небясьпека яе падцікоўвае, займаючыся сваімі справамі. А тым часам зламысьнік падпаліў самаробны кнот і кінуў бутэльку ў хату. Гаручая сумесь запалала...
Адчуўшы пах дыму, жанчына адразу ж выбегла на двор і ледзь ня страціла прытомнасьць ад убачанага, бо гумовы кілімок ужо палаў. Яна вырашыла ратавацца ўласнымі сіламі і вадой утушыла полымя. Як той казаў, да бяды быў усяго адзін крок.
Пасьля лепельчанка неадкладна выклікала супрацоўнікаў міліцыі. Падпальшчыка знайшлі, што называецца, па гарачых сьлядох.
У судзе мужчына раскаяўся. Яму прызначылі пакараньне - адзін год пазбаўленьня волі. Аднак, у адпаведнасьці з артыкулам 78 КК РБ, прысуд не будуць прыводзіць у дзеяньне, калі цягам году ён ня ўчыніць новага злачыннага дзеяньня.