На думку судзьдзяў, акцыя была забароненая полацкім райвыканкамам. Арганізатарам пікету выступаў Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ) рабочых завода ААТ «Полацак-Шкловалакно». Прафсаюз не атрымаў пісьмовай забароны ад мясцовай улады на правядзеньне прафсаюзнага мерапрыемства ў цэнтры гораду.
Суды над лідэрамі Свабоднага прафсаюза праходзілі асобна, але ў той самы час. Судовае паседжаньне ў дачыненьні да Міколы Шараха вёў судзьдзя Лапко Віталь Аляксеевіч, а ў дачыненьні да Віктара Стукава – судзьдзя Каласоўская Юлія Міхайлаўна. Судовае паседжаньне ў дачыненьні да Віктара (паводле адміністрацыйнага артыкулу 23.34) працягвалася недзе паўтары гадзіны, са справай Міколы (артыкулы 23.34 і 23.4) разьбіраліся больш за тры гадзіны.
З пратаколаў міліцыі
У пратаколах, складзеных міліцыяй на старшыню заводзкай пяршоўкі СПБ Віктара Стукава і старшыню рэгіянальнай арганізацыі СПБ Міколу Шараха, іх абвінавацілі ў арганізацыі і ўдзеле ў недазволеным масавым мерапрыемстве. З пратаколаў вынікае, што кожны з прафсаюзных лідэраў «...з мэтай выказваньня пратэсту аб парушэньнях правоў працоўных ААТ "Полацак-Шкловалакно" дзеяньнямі наймальніка, у парушэньне вызначанага парадку Законам Рэспублікі Беларусь "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь" арганізаваў і правёў пікетаваньне з выкарыстаньнем сьцяга свабоднага прафсаюза Беларускага, якое суправаджалася распаўсюджваньнем друкаванай прадукцыі "Стекляшка" №42».
На Міколу быў складзены яшчэ і пратакол за непадпарадкаваньне патрабаваньням міліцыі пры затрыманьні, – «...хапаўся за вопратку і штурхаў міліцыянтаў, чым аказаў непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі».
Паказаньні прадстаўнікоў улады
У абодвух судовых паседжаньнях у якасьці сьведак выступалі намесьнік начальніка аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Полацкага райвыканкаму Ганебная Н.У. і старшы інспэктар аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Полацкага РАУС маёр міліцыі Емяльянаў І.В.
Ганебная Натальля Ўладзімераўна паведаміла суду, што райвыканкам забараніў пікет і выслаў рашэньне лістом на адрас прафсаюзу з апавяшчэньнем пра ўручэньне. Аднак ліст ня быў дастаўлен прафсаюзу і вярнуўся на пошту, бо габінэт прафсаюзу быў зачынены.
Маёр міліцыі Емяльянаў сьцьвярджаў, што прысутнічаў каля акцыі прафсаюзу 28 красавіка. На пытаньне «Чаму не папярэдзіў удзельнікаў пікету пра незаконнасьць акцыі?» адказаў, што гэта звычайная практыка, якая склалася ў Беларусі.
У судовым паседжаньні Міколы Шараха паказаньні давалі яшчэ міліцыянты Сяргей Багумірскі і Ігар Скарабагаты, якія яго затрымлівалі пасьля прафсаюзнай мірнай акцыі. Паводле сьведчаньняў міліцыянтаў, ім быў дадзены загад затрымаць самага актыўнага ўдзельніка пікету – яны палічылі, што самым актыўным быў той, хто трымаў даўжэй за ўсіх сьцяг Свабоднага прафсаюзу, і гэта быў Мікола Шарах. Работнікі РАУС сьцьвярджалі, што пры затрыманьні Міколы адразу прадставіліся міліцыянтамі, хоць і былі апранутыя ў цывільнае адзеньне. Аднак міліцыянты блыталіся ў сваіх паказаньнях, не маглі дакладна сказаць, хто зь іх паказваў пасьведчаньне міліцыянта. Акрамя гэтага, яны сьцьвярджалі, што прысутнічалі на акцыі прафсаюзу і бачылі два сьцягі, хоць быў толькі адзін сьцяг СПБ. На думку Міколы, міліцыянты адкрыта хлусілі суду, але гэта нікога не зьдзівіла. Вось ужо сапраўды практыка, якая склалася ў Беларусі – хлусьня супрацоўнікаў міліцыі ў судох.
Хуткасьпелае рашэньне суду будзе абскарджанае
Прысутных на судовых паседжаньнях зьдзівіла, як пасьпешліва судзьдзі Каласоўская і Лапко зачыталі рашэньні суду з загадзя падрыхтаваных дакумэнтаў, нават не выходзячы ў пакой для прыняцьця рашэньня.
Падтрымаць у судзе Віктара і Міколу прыйшлі 16 чалавек, якія разьмеркаваліся паміж дзьвюма судовымі залямі. Дарэчы, суд Полацку адвёў пад гэтыя справы самыя вялікія судовыя залі, якія могуць зьмясьціць больш за паўсотню чалавек кожны. Таксама ў гэты дзень у судзе назіралася вялікая колькасьць супрацоўнікаў міліцыі ў форме і без, але прысутнічаць у судзе грамадзянам яны не заміналі і пашпартных дадзеных тых, хто ўваходзіў, не перапісвалі.
Такім чынам, за арганізацыю і ўдзел у прафсаюзнай акцыі, якая адбылася 28 красавіка, лідэраў Свабоднага прафсаюзу Беларускага Віктара Стукава аштрафавалі на 5,25 мільёну рублёў. Намесьніку старшыні рэспубліканскага Свабоднага прафсаюзу Беларускага Міколу Шараху за пікет і непадпарадкаваньне міліцыі прызначылі штраф у 6,3 мільёну рублёў. Рашэньне суду яшчэ не набыло моц і будзе апратэставанае прафсаюзнымі актывістамі ў Віцебскім абласным судзе. На іх думку, суды не ўлічылі прававыя нормы заканадаўства зь міжнародных дамоваў Беларусі, якія рэгулююць дзейнасьць прафсаюзаў. Канчатковае рашэньне суду будзе вядома недзе пры канцы чэрвеня 2016 году.
Аляксандар Марозаў