“Беларускаму суду ўвогуле не давяраю, але вымушаны сёньня згадзіцца, каб скаргу разглядалі вы”, – заявіў судзьдзі на пачатку паседжаньня Мікола Качурэц. Больш ніякіх хадайніцтваў не заяўляў.
Нагадаем, 25 сакавіка 2018 году Мікола Качурэц разгарнуў каля помніка князю Альгерду ў Віцебску бел-чырвона-белы сьцяг, праз 20 хвілін быў затрыманы і правёў ноч ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Віцябляніна абвінавацілі ў арганізацыі і правядзеньні незаконнага пікетаваньня (ч.2 арт. 23.34 КаАП) і ў непадпарадкаваньні міліцыі (23.4 КаАП). Судзьдзя Кастрычніцкага суду Віцебску Уладзімер Царыкаў прызнаў 26 сакавіка Міколу Качурца вінаватым і аштрафаваў на 735 рублёў (30 б.в.).
Сьцяг не вярнулі
У сваёй скарзе Качурэц выказаў нязгоду з пастановай Кастрычніцкага суду. Віцяблянін даводзіў, што на пляцоўцы ля помніка Альгерду ажыцьцяўляў свае законныя правы на свабоду меркаваньняў і свабоду масавых мерапрыемстваў, замацаваныя міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Запэўніваў, што ў ягоных дзеяньнях адсутнічаў склад прыпісаных яму правапарушэньняў.
Сьцьвярджаў таксама, што сьцяг у яго канфіскавалі незаконна. Прасіў вярнуць маёмасьць, адмяніць пастанову суду і скасаваць справу аб адміністрацыйным правапарушэньні.
Судзьдзю Смалякову довады жыхара Віцебску не пераканалі. Пастанову судзьдзі Кастрычніцкага раёну яна пакінула бязь зьменаў, а скаргу – без задавальненьня.
“Вынік чаканы, іначай, я мяркую, і быць не магло. Найхутчэй, буду абскарджваць пастанову ў Вярхоўным судзе. Чаго шкада – дык сьцяга. Маглі б ужо і вярнуць. Але ж гэта несамастойныя людзі. Ёй начальнік сказаў не вяртаць, дык і не вярнула...” – сказаў адразу пасьля разгляду скаргі ў абласным судзе Мікола Качурэц.
Зьміцер Міраш, фота аўтара