Чацвер, 19 Красавік 2018

Віцебскі абласны суд не задаволіў скаргу актывіста ініцыятывы «Хайсы»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Андрэй Кешанюк Андрэй Кешанюк

18 красавіка судзьдзя Віцебскага абласнога суду Сьвятлана Іванова разгледзела скаргу сябра грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» Андрэя Кешанюка на рашэньне суду Першамайскага раёну. Мясцовы актывіст быў пакараны 26 сакавіка судзьдзёй Натальляй Карабліной за нібыта правядзеньне несанкцыянаванага пікету пад бел-чырвона-белым сьцягам каля будынку «Белтэлекаму» і непадпарадкаваньне супрацоўнікам праваахоўных органаў.

Згодна з рашэньнем райсуду спадар Андрэй мусіць выплаціць два штрафы – у 4 і 6 базавых велічынь паводле артыкулаў 23.34, ч. 1 і 23.4 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. З такім рашэньнем актывіст не пагадзіўся, бо палічыў, што ў ягоных дзеяньнях не было складу правапарушэньня – нікому ён нічога не рабіў дрэннага, хуліганскіх учынкаў не зьдзяйсьняў, грамадзкі парадак не парушаў і ўжо тым больш не аказваў ніякага супраціву супрацоўнікам міліцыі падчас затрыманьня. Усё што ён хацеў – гэта толькі павіншаваць сваіх былых калегаў з Днём Волі і падзяліцца сьвяточным настроем.

У сваім выступе Андрэй Кешанюк выказаў меркаваньне, што затрыманьне і далейшы судовы разбор з хлусьлівымі сьведчаньнямі міліцыянтаў і прадузятасьцю судзьдзі, якая не хацела высьветліць праўду, зьяўляецца ня чым іншым, як мэтанакіраванай рэпрэсіўнай акцыяй супраць яго. Таксама ён зьвярнуў увагу судзьдзі аблсуду на тое, што калі зыходзіць з артыкулу Закону «Аб масавых мерапрыемствах», у якім даецца дэфініцыя тэрміну «пікетаваньне», то і цяперашні яго выступ у судзе можна па вялікім рахунку трактаваць як пікетаваньне. І, такім чынам, яго, як і ўсіх выступоўцаў у судзе, трэба прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасьці.

Выслухаўшы ўсе довады і развагі актывіста, судзьдзя Іванова пастанавіла скаргу не задавальняць, а рашэньне суду Першамайскага раёну пакінуць бязь зьменаў. І нагадала, што і яе рашэньне можна абскардзіць.

Уладзімер Бяляўскі