Мастака зь Японіі правялі да аэрапорту пад вартай міграцыйнай службы. Зь ім самім журналістам пагутарыць не ўдалося. Маці Даічы сказала карэспандэнту Радыё Свабода, што яе сын вельмі рады вызваленьню, а па вяртаньні на радзіму хоча абавязкова зьвязацца зь беларускімі сябрамі.
Даічы Ёшыда павінен быў правесьці ў калёніі 4 гады 6 месяцаў, але быў нечакана вызвалены паводле рашэньня Вярхоўнага суду 22 траўня. Судовая калегія ВС зьмяніла прысуд, прызнаўшы яго «празьмерна строгім». Суправадзіць Даічы Ёшыда дахаты прыляцелі ягоная маці Ёка і брат Сэйя Ёшыда.
Ёка Ёшыда сказала, што першую інфармацыю пра вызваленьне сына атрымала ад аднаго з удзельнікаў фэйсбук-суполкі, якую яна стварыла ў падтрымку Даічы. Яшчэ некалькі дзён сышло на тое, каб афіцыйна яе пацьвердзіць. Урэшце на сайце Вярхоўнага суду зьявілася паведамленьне аб прынятым рашэньні.
У пратэсьце, не аспрэчваючы вінаватасьці асуджанага ва ўчыненых злачынствах і правільнасьці кваліфікацыі яго дзеяньняў, старшыня Вярхоўнага суду паставіў пытаньне аб празьмернай строгасьці прызначанага асуджанаму пакараньня.
У выніку прысуд Даічы зьменшылі да 1 году 9 месяцаў і вызвалілі 22 траўня 2018 году.
«На гэтае рашэньне паўплывалі вельмі справядлівыя артыкулы ў СМІ, – кажа Ёка Ёшыда. – Мы двойчы зьвярталіся да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Даічы накіроўвалі словы падтрымкі шмат людзей зь Беларусі і зь іншых краінаў. Усе гэтыя намаганьні паўплывалі на рашэньне».
У лютым 2018 году Вярхоўны суд адмовіў у хадайніцтве аб пераглядзе прысуду ў справе Даічы Ёшыда і назваў прысуд «справядлівым». Пасьля гэтага сям’я Ёшыда двойчы зьвярталася да Аляксандра Лукашэнкі, падрабязна апісваючы ўсе дэталі справы Даічы.
Пабачыць сына і брата адразу пасьля вызваленьня сям’і Ёшыда не давялося. З калёніі яго забралі супрацоўнікі РУУС г. Віцебску і прывезьлі ў аддзел грамадзянства і міграцыі. 23 траўня Даічы Ёшыда быў дастаўлены ў Нацыянальны аэрапорт Менск.
«Зразумела, калі ўсё гэта здарылася, у мяне быў шок, – распавяла Ёка Ёшыда, адказваючы на пытаньне, ці ня маюць яны крыўды на Беларусь. – Зь першых паездак у Беларусь я вярталася са сьлязьмі і складанымі пачуцьцямі. Але што здарылася, тое здарылася. З кожным прыездам у мяне ўсё больш тут зьяўлялася знаёмых, якія мяне падтрымлівалі. Некаторыя маглі са мной паплакаць. А колькі было добрых лістоў у адрас нашага сына».
Сям’я Ёшыда выказала ўдзячнасьць усім, хто паўплываў на рашэньне ў справе Даічы. А таксама ўсім беларусам і іншаземцам, якія падтрымлівалі іх у нялёгкі для сям’і час.
«Я прыяжджаю ў Беларусь дзясяты раз, – кажа Ёка Ёшыда. – Я шмат ужо чаго даведалася – і пра добрае ў Беларусі, і пра тое, якія тут складанасьці. Мне ўсё гэта стала блізка. Але я ведаю, што мае пачуцьці да беларусаў, да сяброў ніколі не памяняюцца. Я заўжды буду з удзячнасьцю да іх ставіцца».
15 жніўня 2016 году Даічы Ёшыда вылецеў з Кіева ў Токіё маршрутам з транзытнымі перасадкамі ў аэрапортах Менску і Абу-Дабі. Ён сьцьвярджае, што служба бясьпекі ў аэрапорце Кіева праверыла і сфатаграфавала ўсе часткі зброі, якія знаходзіліся ў ягоным зарэгістраваным багажы, і дапусьціла яго на рэйс. У Менску Даічы Ёшыда быў затрыманы, а ў красавіку 2017-га асуджаны на 4 гады 6 месяцаў зьняволеньня за незаконны правоз і перамяшчэньне празь дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі.
Паводле: Аляксандра Дынько, Радыё Свабода