Гісторыя адбылася 20 чэрвеня 2017 году. Дзьве пары, усім ужо за трыццаць – Марыя і Іван Сухаваравы, а таксама Арцём Гатоўскі і Вольга Ваяводзкая – разам сьвяткавалі заручыны. Праз тры дні Арцём і Вольга меліся расьпісацца. Для абодвух гэта другі шлюб, ад першага ў кожнага ёсьць па дзіцяці.
На стале, вядома, было сьпіртное, але ніхто не злоўжываў, бо на сьвяце прысутнічалі дзеці.
Недзе а дзесятай гадзіне вечара кампанія сабралася па дамох. Выклікалі таксоўку. Вольга Ваяводзкая пайшла ў найбліжэйшы банкамат зьняць гатоўку. Астатнія засталіся чакаць машыну.
Ля банкамата да нявесты падышоў міліцыянт. У гэты самы час да банку пад'ехала і таксоўка з астатнімі. Спачатку Іван Сухавараў, а пасьля і Арцём Гатоўскі пайшлі высьвятляць, што здарылася. Неўзабаве да банкамата падышлі яшчэ двое міліцыянтаў, а затым яшчэ адзін, які сядзеў побач у машыне.
У выніку Вольгу, Івана і Арцёма затрымалі і на службовых аўтамабілях даставілі ў РАУС. Марыя Сухаварава засталася ў таксоўцы зь дзецьмі. Пазьней яна сама паехала ў міліцыю.
«Было зьверскае затрыманьне. Нашых мужчын залілі газам і закавалі ў кайданкі. Адвезьлі ў пастарунак. Жаніх і нявеста, зьбітыя, ноч правялі на «мыйцы» [у выцьвярэзьніку], мужа і мяне адпусьцілі», – распавяла Марыя Сухаварава.
Наступнага дня адбыўся суд. На працэсе міліцыянты казалі, што нявеста была п'яная і мела неахайны выгляд, падчас хады яна хісталася з боку ў бок, таму яе хацелі даставіць у пастарунак для разбору, але яна адмовілася, «размахвала рукамі і нагамі», а таксама «драпалася пазногцямі».
Тыя, што заступіліся за нявесту, паводле міліцыянтаў, таксама былі п'яныя і парушалі грамадзкі парадак. У прыватнасьці, Іван Сухавараў «выказваў абразьлівыя словы, размахваў рукамі, хапаўся за форменнае абмундзіраваньне, учыніў бойку з супрацоўнікамі міліцыі». Арцём Гатоўскі «спрабаваў зьдзейсьніць кідок супрацоўнікаў міліцыі на зямлю, біў нагамі па службовым аўтамабілі».
Ужываньне спэцсродкаў і фізычнай сілы ў дачыненьні да маладых людзей міліцыянты патлумачылі іх непадпарадкаваньнем.
Затрыманыя на судзе сьцьвярджалі, што не абражалі міліцыянтаў і не парушалі грамадзкага парадку. Але суд заняў бок міліцыянтаў.
Арцёму Гатоўскаму і Івану Сухавараву далі штрафы па 529 рублёў за абразу і непадпарадкаваньне (арт. 23.4 і 23.5 КаАП), Вользе Ваяводскай – 69 рублёў за непадпарадкаваньне (арт. 23.4 КаАП). На Марыю Сухавараву пазьней склалі пратакол за парушэньне правілаў дарожнага руху. Паводле міліцыянтаў, яна хадзіла па дарозе, а не па ходніках.
Маладыя людзі абскардзілі гэтае рашэньне ў абласным судзе. Ён адмяніў штрафы і накіраваў справу на новы разгляд. Яно разглядалася паўторна 21 верасьня 2017 году.
На гэтым працэсе прагледзелі відэазапіс з камэр назіраньня банка. Ён не пацьвердзіў паказаньняў міліцыянтаў.
Прыкладам, на запісе бачна, што Вольга Ваяводзкая (якая на той момант ужо зьмяніла прозьвішча на Гатоўская) па дарозе да банкамата ідзе роўна, звычайнай хадой. Фактычна адзіны крок у бок яна патлумачыла «рамонтам тратуару і яго сьлізкім пакрыцьцём пасьля дажджу».
Дарэчы, у супрацоўнікаў міліцыі на форменным абмундзіраваньні былі відэарэгістратары, і адзін зь міліцыянтаў казаў затрыманым, што ўсе іх дзеяньні фіксуюцца на відэа. Аднак на судзе высьветлілася, што відэарэгістратары ў той вечар не былі ўключаныя.
Аднак для суду цалкам дастатковым аказаўся і запіс камэраў назіраньня банка. Прагляд гэтага запісу не пацьвердзіў паказаньняў супрацоўнікаў міліцыі – Ваяводская ня хісталася, Гатоўскі не спрабаваў схапіць міліцыянта за форму, а Сухавараў ня ладзіў бойку.
У выніку судзьдзя адмяніла першае рашэньне суду і спыніла адміністрацыйную справу ў сувязі «зь недаказанасьцю вінаватасьці».
«Калі б ня гэтыя запісы, мы не змаглі б нічога аспрэчыць», – адзначыла Марыя Сухаварава.
Яе справа аб парушэньні правілаў дарожнага руху таксама было спыненая з прычыны таго, што «віна не пацьвярджаецца аб'ектыўнымі прыкметамі».
Аднавіўшы справядлівасьць, пацярпелыя ад міліцэйскага бязьмежжа вырашылі дамагацца матэрыяльнай кампэнсацыі маральнай шкоды і падалі пазоў у суд.
Іван Сухавараў ў сваёй заяве пазначыў, што «маральная шкода ад неправамерных дзеяньняў Аршанскага РУУС палягае ў перанесеных маральных і фізычных пакутах, у пачуцьці страху за жыцьцё і здароўе, пачуцьці прыніжэньня і бездапаможнасьці». Ён таксама заявіў, што зьведаў «глыбокае ўзрушэньні і шок», адчувае «страх немагчымасьці працягваць актыўнае грамадзкае жыцьцё» і папрасіў выплаціць яму 20 тысяч рублёў.
Аднак судзьдзя адмовіў у задавальненьні пазову.
«Ня хочуць прызнаваць, што мы пацярпелі, хоць штрафы нам зьнятыя, а ў дзеяньнях супрацоўнікаў відавочна бачныя парушэньні. У Воршы гэта не адзіны выпадак, бязьмежжа дзеецца сур'ёзнае», – распавяла Марыя Сухаварава.
Аляксандар Ярашэвіч, naviny.by