Серада, 21 Лістапад 2018

За публікацыю ва «УКантакце» – 2 гады абмежаваньня волі

Ацаніць гэты матэрыял
(10 галасоў)
Марыя Назарава, Зьміцер Русак Марыя Назарава, Зьміцер Русак

Суд Полацкага раёну 19 лістапада вынес рашэньне абмежаваць свабоду Зьмітра Русака на 2 гады. Да хатняй хіміі жыхар гарадзкога пасёлку Ветрына прысуджаны за заведама фальшывае паведамленьне ў інтэрнэце пра бомбу, нібыта закладзеную ў гандлёвым цэнтры ў Полацку, і абразу прэзыдэнта.

Злачынствы, вызначаныя артыкуламі Крымінальнага кодэксу 340 (фальшывае паведамленьне аб падрыхтоўцы выбуху) і 368 (публічная абраза прэзыдэнта), былі зьдзейсьненыя 1 траўня 2018 году. Наступнага дня Зьмітра Русака затрымалі, і ён правёў тры дні ў ізалятары часовага ўтрыманьня Полацкага РАУС. Прычым абвінавачваньне пра абразу прэзыдэнта зьявілася толькі праз 4 месяцы пасьля падзеі.

У судовым паседжаньні, якое вёў выканальнік абавязкаў намесьніка старшыні суду па крымінальных справах судзьдзя Лапко Віталь Алесевіч, акалічнасьці злачынства вывучаліся цягам трох гадзін. У разборы справы бралі ўдзел старшы памочнік пракурора Полацкага раёну Ігар Галаўкоў і адвакатка Іна Шніткова.

Пракурор Ігар Галаўкоў перад судовым паседжаньнем

Падзеі, якія спрычыніліся да распачынаньня крымінальнай справы здарыліся 1 траўня, у Сусьветны дзень салідарнасьці працоўных. Група грамадзян Расеі і Беларусі зладзілі пікнік з шашлыкамі на лецішчы расейскага грамадзяніна ў беларускім пасёлку Ветрына. Вяліся звычайныя размовы пра палітыку і грамадзянскія правы ў розных краінах. Беларус Зьміцер Русак вырашыў даказаць расейцам, што ў Беларусі сілавыя структуры не адсочваюць допісы ў сацыяльных сетках.

Каб пацьвердзіць уласныя словы, Зьміцер праз тэлефон разьмясьціў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» паведамленьне пра нібыта падрыхтоўку выбуху ў гандлёвым цэнтры «Манэж» у Полацку: «Я рыхтаваў бомбу. Будзе тэракт у Полацку. У манэжы».

Апроч паведамленьня пра выбух, допіс Зьмітра нібыта ўтрымліваў яшчэ і абразу нейкай асобы: «Я ненавіджу ЛУКАШАНКУ. Ён – "абразьлівае слова"», – зачытаў судзьдзя Лапко з матэрыялаў справы.

Абражанай асобай суд палічыў прэзыдэнта Беларусі. Абразьлівае слова так і не было агучанае. Судзьдзя Лапко задаў пытаньне падазраванаму: «Ці лічыце Вы слова "гомасэксуаліст" абразай?» Зьміцер Русак адказаў, што не, ня лічыць гэтае слова абразай. Таксама ён сказаў, што ня меў на ўвазе прэзыдэнта Беларусі ЛУКАШЭНКУ, што раскайваецца ў сваім непрадуманым ўчынку, але вінаватым сябе не прызнае. Дарэчы, лінгвістычная экспэртыза таксама прыйшла да высновы, што з паведамленьня не вынікае, што яно тычыцца прэзыдэнта Беларусі.

У вялікай залі №3 суду Полацкага раёну сабраліся сябры падсуднага. Прыйшлі ягоныя бацькі. Прысутнічалі яшчэ чацьвёра грамадзян, якія не былі ўдзельнікамі працэсу.

Падчас судовага разбору апыталі дваіх сьведак: грамадзянку Расеі з Санкт-Пецярбургу Марыю Назараву і міліцыянта Полацкага РАУС. Паказаньні астатніх трох сьведкаў, што праходзілі па справе, зачытваліся, бо яны не змаглі прысутнічаць з паважных прычынаў.

Адвакат юрыдычнай кансультацыі Полацку Іна Шніткова прасіла цалкам апраўдаць яе кліента. Аднак суд вынес рашэньне акурат такое, якога вымагаў пракурор: абмежаваньне волі на два гады без накіраваньня ў калёнію і канфіскацыя тэлефона як сродку злачынства. Пры гэтым суд улічыў зьмякчальныя акалічнасьці: здароўе абвінавачанага, станоўчыя характарыстыкі з працы, раскаяньне і яўку з павіннай, адсутнасьць судзімасьці.

Па завяршэньні суду

Зьміцер быў прызнаны ў злачынстве па абодвух высунутых супраць яго артыкулах Крымінальнага кодэксу: 340 – заведама фальшывае паведамленьне аб небясьпецы і 368 – публічная абраза прэзыдэнта. На абскарджаньне рашэньня суду жыхар пасёлку Ветрына мае дзесяць дзён.

Сямён Сідараў

1 камэнтар