Пятніца, 26 Чэрвень 2020

Ганну Федаронак аштрафавалі за «спробу зладзіць антыпарад у Варапаеве»

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Ганна Федаронак Ганна Федаронак

Суд Пастаўскага раёну 25 чэрвеня разгледзеў адміністрацыйную справу жыхаркі пасёлку Варапаева Ганны Федаронак. Падставай да прыцягненьня жанчыны да адказнасьці быў пост Ганны ў тэлеграм-канале «Пастаўшчына для жыцьця», які яна разьмясьціла 8 траўня. У паведамленьні заклікала жыхароў Варапаева сабрацца ў мясцовым парку. Акурат за гэта на Ганну быў складзены пратакол паводле арт. 23.34 КаАП.

«Сябры! Нам трэба абавязкова сабрацца ў парку ў Варапаеве ў нядзелю ў 18.00. Абмеркаваць усё наконт ініцыятыўнай групы і подпісаў. Перадайце сябрам і ня бойцеся! Мы проста зьбіраемся ў парку дыхаць сьвежым паветрам. Нічога супрацьзаконнага!» – напісала Ганна Федаронак у «Тэлеграме».

Ужо праз некалькі гадзін дадому да жанчыны завітала міліцыя і запатрабавала паехаць зь імі ў Пастаўскі РАУС. Дзьверы міліцыянтам Ганна не адчыніла. Неўзабаве на яе склалі пратакол паводле частцы 1 артыкулу 23.34 КаАП (парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах). Праз хваробу Ганны яе справу разгледзелі толькі 25 чэрвеня.

«Заклікала да правядзеньня масавых мерапрыемстваў без адпаведнага дазволу мясцовых выканаўчых органаў, заклікаючы прыйсьці 05.09.2020 года ў парк г.п. Варапаева і зладзіць антыпарад», – напісаў у пратаколе супрацоўнік пастаўскай міліцыі.

Дарэчы, у варапаеўскі парк у той дзень так ніхо і не прыйшоў. Але судзьдзя Натальля Жукава аштрафавала Ганну за меркаваны антыпарад на 3 базавыя велічыні (81 рубель).

Такое рашэньне стала для Ганны Федаронак і яе сяброў, якія прыйшлі ў суд яе падтрымаць, нечаканасьцю. Па словах актывісткі, яна была гатовая да пакараньня максымальным штрафам (па частцы 1-й арт. 23.34) – на 30 базавых велічынь.

«Дык гэта добры знак. Можа, штосьці пачалося мяняцца ў гэтай краіне?» – кажа Ганна Федаронак.

Актывістка сваёй віны не прызнала і заявіла ў судзе, што нічога не парушала.

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.