Серада, 09 Снежань 2020

Мастака Уладзіслава Макавецкага судзяць за тое, што замахнуўся на міліцыянта дубінкай

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Уладзіслаў Макавецкі Уладзіслаў Макавецкі

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску 9 снежня пачаў разглядаць крымінальную справу віцебскага мастака Уладзіслава Макавецкага, абвінавачанага ў злачынстве паводле арт. 364 КК («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных спраў»). Віцябляніну пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Справу разбірае суддзя Сняжана Кіндзеева. У якасці пацярпелых выступаюць малодшы сяржант міліцыі Аляксандр Пятроўскі і старшы сяржант Дзмітрый Фядотаў. На першым паседжанні 9 снежня яны давалі паказанні. Было таксама агучанае абвінавачанне.

Макавецкаму інкрымінуецца, што 6 верасня падчас вулічнага шэсця на вуліцы Праўды ў Віцебску ён перашкаджаў законным дзеянням пацярпелых, схіляў іх да змены характару гэтай дзейнасці, замахваўся на Фядотава «рукамі і нагамі», спрабаваў нанесці яму траўмуючае ўздзеянне, вусна пагражаў яму. Таксама міліцэйскай гумовай палкай, якую падняў з зямлі, замахнуўся ў бок Пятроўскага.

«Палка ў мяне ўпала, бо ў нейкі момант спацелі рукі», – тлумачыў на судзе супрацоўнік МУС Пятроўскі.

Пацярпелыя міліцыянты падалі таксама грамадзянскія пазовы з просьбамі кампенсаваць нанесеную ім маральную шкоду (Пятроўскі просіць 1000 рублёў, Фядотаў – 200).

Сваёй віны Макавецкі не прызнае. Сцвярджае, што не замахваўся на супрацоўніка дубінкай, не чыніў гвалту і не пагражаў.

Віцяблянін знаходзіцца пад вартай у СІЗА-2 Віцебску ад 18 верасня.

Уладзіславу Макавецкаму 27 гадоў, ён мастак па адукацыі, вядомы як аўтар 24-метровай драўлянай лыжкі, якую выразаў у Беразіне. Працаваў таксама ў цэнтры рамёстваў у Лёзне. Займаецца калекцыянаваннем і рэстаўрацыяй гістарычных артэфактаў.

Суд працягнецца 15 снежня.

Зміцер Міраш