Серада, 09 Снежань 2020

Віцябляніну Алегу Яфрэменку прысудзілі 4 з паловай гады калоніі за падсечку міліцыянту

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Алег Яфрэменка. Фота: Belsat Алег Яфрэменка. Фота: Belsat

9 снежня суд Першамайскага раёну Віцебску завяршыў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 39-гадовага віцябляніна Алега Яфрэменкі. Суд прызнаў яго вінаватым у злачынстве паводле артыкулу 364 КК («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных спраў»).

Суддзя Наталля Карабліна прысудзіла Алега Яфрэменку да пазбаўлення волі тэрмінам на чатыры з паловай гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Час знаходжання пад вартай ад 16 верасня залічаны ў час адбывання пакарання.

Таксама суд задаволіў пазоў пацярпелага супрацоўніка МУС, які патрабаваў грашовай кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў.

Гэта трэці па ліку працэс па крымінальных справах паводле артыкулаў 364 КК і 366 КК ( ужыванне гвалту да супрацоўнікаў МУС і службовых асобаў) у дачыненні да ўдзельнікаў вулічных шэсцяў у Віцебску. Прысуд вынесены Яфрэменку суддзёй Карабліной на сёння самы жорсткі.

У апошнім слове абвінавачаны яшчэ раз выбачаўся перад пацярпелым, які пасля падсечкі, зробленай Яфрэменкам падчас сутыкнення пратэстоўцаў з сілавікамі 13 верасня, упаў і падрапаў далоні. Папрасіў Яфрэменка прабачэння і ў сваёй жонкі, якая засталася адна з малым сынам.

«Неадэкватна суровы вырак можна патлумачыць толькі адсутнасцю ў адказных за прысуд усялякіх агульначалавечых і прававых нормаў, адсутнасцю ўсялякага здаровага сэнсу. Пацярпелы міліцыянт – малады чалавек без грамадзянскай пазіцыі. Калі выносіўся прысуд і бацьку разлучалі з сынам на чатыры з паловай гады – на ягоных вуснах была ўхмылка. На жаль, такі ў нас тыповы вобраз сучаснага супрацоўніка МУС», – гэтак пракаментаваў прысуд сябар Алега Яфрэменкі, які прысутнічаў на апошнім паседжанні.

«Так, чатыры з паловай гады – гэта многа. А цяпер скажыце, калі заўтра гэта ўлада скончыцца, колькі яму сядзець застанецца? Роўна столькі, колькі патрэбна для афармлення неабходных дакументаў для перагляду справы. Пры новай уладзе гэтыя прысуды будуць перагледжаныя ў найкарацейшыя тэрміны. Калі мы хочам скараціць гэтыя чатыры з паловай і тэрміны іншых зняволеных, мы мусім зрабіць усё, што ад нас залежыць законнымі прававымі метадамі. Мая філасофія такая», – выказаўся пасля абвяшчэння прысуду праваабаронца Павел Левінаў.

С. Горкі