Пракурорка Крысціна Мацвеева папрасіла суд «прызнаць Ісакава вінаватым у гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў з мэтай перашкоды іх законнай дзейнасці і на падставе санкцыі арт. 364 КК прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 6 гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму».
Пры гэтым абвінаваўца прызнала наяўнасць змякчальных акалічнасцяў, а менавіта ўжо выплачаную супрацоўніку МУС маральную кампенсацыю ў памеры 500 рублёў, а таксама станоўчыя характарыстыкі абвінавачанага.
Адвакатка просіць апраўдаць Ісакава
У сваю чаргу, адвакатка Арцёма Ісакава звярнула ўвагу суду на супярэчлівыя паказанні пацярпелых і сведак-міліцыянтаў, на адсутнасць аб'ектыўных доказаў таго, што Ісакаў сапраўды нанёс ім сваімі дзеяннямі сурʼёзныя пашкоджанні, а таксама на тое, што не ведаў, супраць каго ўжывае балончык, бо міліцыянты былі ў цывільным і не прадстаўляліся. Апроч таго, па выніках экспертызы, сляды газу былі выяўленыя толькі на куртцы аднаго з міліцыянтаў. На шапцы, масцы, іншых дэталях адзення іх не знайшлі.
«Якім чынам Ісакаў мог вызначыць, што гэта супрацоўнікі міліцыі? Ніхто не сказаў, што хоць адзін з пацярпелых назваўся Ісакаву супрацоўнікам міліцыі, паказваў пасведчанне. І нават пры затрыманні, калі Ісакаў ляжаў на зямлі, ніхто не патлумачыў яму, у сувязі з чым ён затрыманы», – заявіла адвакатка.
«Ніхто не адмяняў Закону аб органах унутраных спраў, дзе дакладна прапісана, што пры затрыманні супрацоўнікі органаў мусяць прадставіцца. Адпаведна, казаць аб наяўнасці складу злачынства арт. 364, я лічу, наагул абсурдна», – падсумавала абаронца.
Яна папрасіла суд вынесці апраўдальны вырак і вызваліць Ісакава ў зале суду.
Ісакаў: Прынясу больш карысці грамадству на волі
Арцём Ісакаў часткова прызнаў сваю віну, але не пагадзіўся, што быў актыўным удзельнікам масавага мерапрыемства, мэты нанесці шкоду супрацоўнікам міліцыі ў яго не было.
«У СІЗА я быў у атачэнні забойцаў і наркаманаў, і мяне гэта вельмі гняце. Было цяжка. Лічу, што прынясу больш карысці грамадству і дзяржаве, знаходзячыся на волі», – сказаў у апошнім слове Арцём Ісакаў.
Судовае рашэнне будзе агучана суддзём Сяргеем Будрэвічам (суд Кастрычніцкага раёну Віцебску) 4 лютага ў 10.00.
Уладзімір Бяляўскі