Субота, 15 Кастрычнік 2022

Ліквідавана адзінае на Віцебшчыне грамадскае аб’яднанне літоўцаў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Віцебскі абласны суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі Браслаўскага раённага грамадскага аб’яднання літоўцаў «Рытас» («Ritas»), якое праіснавала 22 гады. Грамадскае аб’яднанне было зарэгістравана ў вёсцы Адымянішкі Браслаўскага раёну і мела каля 100 удзельнікаў. Дзейнасць арганізацыі была накіравана на стварэнне ўмоў для нацыянальнага самавыяўлення, захавання літоўскай мовы, гісторыі, звычаяў і традыцый літоўцаў Браслаўшчыны.

Вёска Адымянішкі Опсаўскага сельсавету – адна з памежных вёсак, і таму не дзіўна, што побач з беларусамі ў гэтым рэгіёне здаўна жыве шмат літоўцаў. Грамадскае абʼяднанне «Рытас» арганізавала працу дзвюх нядзельных школ па вывучэнні літоўскай мовы ў вёсках Опса і Усяны Браслаўскага раёну. Удзельнікі праводзілі імпрэзы да літоўскіх нацыянальных святаў, ладзілі мерапрыемствы на літоўскай мове да Дня маці, Дня ведаў, Новага году. Грамадскае аб’яднанне «Рытас» рэгулярна брала ўдзел фестывалях, якія праводзяцца на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі, прымала дэлегацыі з

Літвы, супрацоўнічала з грамадскім абʼяднаннем «Драўгія» (г. Вільнюс).

Пазоў аб ліквідацыі БРГАЛ «Рытас» быў пададзены галоўным упраўленнем юстыцыі Віцебскага аблвыканкама. Па рашэнні абласнога суду ад 14 верасня яно лічыцца ліквідаваным.

Феліцыян Красоўскі