Суд Першамайскага раёну ўжо шмат гадоў знаходзіцца на вуліцы Гарбачэўскага, 26. Гэта стары «саўдэпаўскі» двухпавярховы цагляны будынак, дабрацца да якога з улікам недасканалай транспартнай лагістыкі не зусім лёгка. Аднак наведнікі адзначаюць, што ўнутры будынку ёсць залы і кабінеты, абсталяваныя не ў стылі 1970-х, як можа падацца звонку, а дарагой сучаснай драўлянай мэбляй. Наведнікі адзначаюць і іншае: менавіта ў судзе Першамайскага раёну адкрытыя судовыя працэсы па так званых палітычных справах вельмі часта ператвараліся ў закрытыя, бо суддзі цвердзілі, што ў малых залах для прысутных пракуе месцаў. Застаецца спадзявацца, што ў новых памяшканнях месцаў будзе хапаць усім ахвотным.
Суд Чыгуначнага раёну пакуль яшчэ знаходзіцца ў будынку па вуліцы Будзёнага, 5. Гэты будынак уваходзіць у гістарычную забудову вуліцы канца 19-пачатку 20 стагоддзя, якую складаюць былыя казармы 41-й артылерыйскай брыгады (дамы №1, 5, 7). Гэтыя будынкі ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Віцебску). Якая ўстанова размесціцца ў гістарычным будынку пасля пераезду суду, таксама пакуль не вядома. Але суседні трохпавярховы гмах з пяціканцовай зоркай уверсе агульнай плошчай 2570 м.кв. ужо набыла кампанія «МегаЕвротекс».
Неўзабаве Першамайскі і Чыгуначны раённыя суды пачнуць дзейнічаць у самым цэнтры Віцебску, на галоўнай вуліцы Леніна. Што, у прынцыпе, ускосна, але яскрава ілюструе сённяшняе становішча судоў у Беларусі, дзе не спыняюцца працэсы над тымі, хто прадэманстраваў незадавальненне афіцыйнымі вынікамі мінулых прэзідэнцкіх выбараў.
Жанна Жалейка