Ці мае абскарджванне прысуду негатыўныя наступствы для палітвязня?
- Тут неабходна раздзяліць дзве сітуацыі: калі падача апеляцыі не суправаджаецца пратэстам пракурора “ў адказ” на мяккасць пакарання, то больш жорсткае пакаранне не можа быць прызначана адпаведна закону; абвінавачаным часта раяць не падаваць скаргу, каб не выклікаць менавіта гэты пратэст. Пры наяўнасці пратэсту на мяккасць пакарання, яно можа быць узмоцнена судом апеляцыйнай інстанцыі. А вось калі ёсць пратэст – ёсць выпадкі, калі пакаранне ўзмацнялі, а ёсць – калі не, ніякай сістэмы (як і прамой залежнасці прынясення пратэста ад падачы ці непадачы скаргі) няма.
Навошта падаваць апеляцыю, калі беларускія суды не працуюць у прававым полі?
- Па-першае, апеляцыйная скарга – гэта практычна апошняя магчымасць у працэсуальнай форме выказаць сваю пазіцыю па справе і свае адносіны да пастаноўленага прысуду. Па-другое, гэта хоць і невялікая, але надзея на выпраўленне судовай памылкі. Па-трэцяе, гэта напамін судовай сістэме аб яе злоўжываннях і памылках. Апеляцыйная скарга разглядаецца абласнымі судамі або Вярхоўным судом.
Ці ёсць станоўчыя прыклады абскарджвання палітычнага прысуду?
- На жаль, мы не ведаем выпадкаў адмены палітычна матываваных прысудаў, статыстыкі па такіх справах няма.
Ці адрознівалася сітуацыя з апеляцыямі да 2020 года ад цяперашняй?
- Палітычна матываваныя справы заўсёды былі пад асаблівым кантролем, таму шанцаў злавіць суд першай інстанцыі на памылцы няшмат. Быў выпадак, калі па апеляцыйнай скарзе ў 2020 годзе гарадскі суд знізіў пакаранне Івану Комару напалову, а Мікіту Емяльянаву - амаль напалову.
Як абскардзіць судовую пастанову?
- У Крымінальна-працэсуальным кодэксе ёсць цэлы раздзел, у якім апісаны парадак апеляцыі і патрабаванні да апеляцыйнай скаргі, калі ведаць гэтыя правілы, можна скласці скаргу самастойна. Калі не – можна звярнуцца да адваката. ПЦ “Вясна” таксама заўсёды прапаноўвае сваю дапамогу – можна звярнуцца дыстанцыйна да нашых юрыстаў і яны бясплатна складуць скаргу, асабліва калі гэта скарга на жорсткасць прысуда і практычна не трэба вывучаць цалкам справу. Дарэчы, нават калі справа складаная, але ў абвінавачанага няма магчымасці атрымаць дапамогу адваката, то ў “Вясне” абавязкова вам дапамогуць.
Для абскарджвання судовых пастаноў звяртайцеся да нашых юрыстаў на пошту Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. альбо ў тэлеграм @zvarot96.