Пятніца, 28 Красавік 2023

«Экстрэмісцкай» прызналі яшчэ і Twitter-старонку Ігара Палынскага

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», складзены МУС, трапіла старонка «Ігар Вожык Палынскі» ў Twitter, якая належыць ураджэнцу Полацку, музыку і журналісту. Ужо не першы год Ігар Палынскі вымушана жыве ў замежжы, а ў Беларусі тым часам прызнаныя «экстрэмісцкімі» ягоная старонка ВКонтакте і два відэакліпы да песняў, выкананых полацкім гуртом «Sumarok». Палынскі – і стваральнік гэтага гурта, і аўтар музычных твораў.

«Яны прызналі мой Твітар экстрэмісцкім. Яны мяне пачулі», -- такім чынам адрэагаваў музыка і журналіст, даведаўшыся, што 26 красавіка Маладзечанскі суд прыняў адпаведнае рашэнне..

11 красавіка ў інтэрв“ю Польскаму радыё для Беларусі Ігар Палынскі казаў, што найперш яго турбуе не тое, што ягоныя творы практычна сталі забароненымі, -- ён хвалюецца за бяспеку тых, хто пакідаў каментары або ставіў ім «лайкі» на YouTube і ў сацыяльных сетках. Таму такія публікацыі, дзе «засвяціліся» іншыя людзі, ён выдаліў.

У пэўным сэнсе прызнанне нейкіх матэрыялаў «экстрэмісцкімі» нават стымулюе, прызнаецца Ігар: пасля таго, як «экстрэмісцкім» прызналі першы відэакліп да песні «Чэрці», ён запісаў дзясятак новых песень, пакуль што пад гітару, каб працаваць над імі далей ужо цэлым музычным калектывам.

Дарэчы, перш чым дадаць да спісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў» відэакліп да песні «Чэрці», «экстрэмісцкім» быў прызнаны нават артыкул пры гэты твор, надрукаваны ў Маладзечанскай «Рэгіянальнай газеце».

Міхась Хмара