Пятніца, 06 Кастрычнік 2023

За абразу Лукашэнкі ў тралейбусе ўлады пазбавілі волі жыхара Віцебска

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суддзя суда Кастрычніцкага раёна Віцебска Сяргей Будрэвіч 4 кастрычніка вынес прысуд мясцоваму жыхару Сяргею Бельскаму, абвінаваціўшы яго ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса).  Суд пакараў мужчыну пазбаўленнем волі на тэрмін 2,5 гады з адбываннем прызначанага пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Згодна з матэрыяламі справы, Сяргей Бельскі 6 ліпеня 2023 года, нібыта нападпітку, “знаходзячыся ў грамадскім месцы – у салоне тралейбуса, які рухаўся па маршруце №12, пры праездзе па праспекце Фрунзе ў горадзе Віцебску ў прысутнасці сведак, у сувязі з наяўнымі ў яго палітычнымі і ідэалагічнымі поглядамі, публічна абразіў, гэта значыць прынізіў гонар і годнасць асобы Лукашэнкі, прамовіўшы неаднаразова выказванні ў яго адрас, якія ўтрымлівалі негатыўную ацэнку і мелі ненарматыўную форму маўленчага выказвання, прыніжалі аўтарытэт, гонар і годнасць асобы”.

Кантралёр грамадскага транспарту, які правяраў квіткі ў пасажыраў, выклікаў міліцыю.

Рыта Камаровіч