Аўторак, 31 Кастрычнік 2023

Праваабаронцы патрабуюць рэабілітацыі Іллі Двойрына па крымінальнай справе

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Жыхар Наваполацка быў пакараны адным годам разбаўлення волі ўмоўна. 28 верасня ў Наваполацкім гарадскім судзе 53-гадовага работніка “Нафтана” Іллю Двойрына прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства). Суддзя Віталь Лапко пакараў мужчыну за інцыдэнт, які здарыўся 1 ліпеня: паводле абвінавачання, Ілля Двойрын запэцкаў белай фарбай лабавое шкло машыны, на капоце і бакавінах якой былі намаляваныя вялікія літары «Z». Беларуская праваабарончая супольнасць заявіла, што лічыць Двойрына былым палітычным зняволеным: ён не меў гэтага статусу падчас утрымання за кратамі, але ягоная справа відавочна мае прыкметы палітычнай.

Праваабаронцы патрабуюць рэабілітацыі Іллі Двойрына па крымінальнай справе з кампенсацыяй усіх відаў шкоды, нанесенай адвольным асуджэннем і пазбаўленнем волі.

За свае перакананні Двойрын быў некалькі разоў абвінавачаны і ў адпаведнасці з адміністрацыйным заканадаўствам. Пад увагу сілавікоў мужчына трапіў яшчэ ў 2020г. - яго затрымлівалаі за ўдзел у пратэстах супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Пасля затрымання за запэцканы аўтамабіль, які належаў вядомаму прарасейскаму актывісту Сяргею Юдаеву, Дома ў Двойрына правялі ператрус, а праз 10 дзён асудзілі паводле арт. 24.23 за нібыта несанкцыянаванае пікетаванне. У судзе быў агучаны пратакол, паводле якога Двойрын прызнаў, што ўвесну 2023 года ён вырабіў улёткі з выявай прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і тэкстам антываеннага характару, і 16 траўня расклеіў іх на прыпынку грамадскага транспарту ў Наваполацку. Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава пастанавіла пакараць мужчыну 15-цю суткамі арышту.

Роўна праз тыдзень пасля таго, як Іллю Двойрына вызвалілі ў залі суду пасля разбіральніцтва па крымінальнай справе, ён быў зноў затрыманы. Яго прызналі вінаватым у распаўсюдзе так званых экстрэмісцкіх матэрыялаў і асудзілі на 15 сутак.

Людміла Мачаліна