Верагодна, сілавікі атрымалі доступ да канала Віталя Усціновіча: апошні відэаролік, які там размешчаны – той самы, што выйшаў на канале «Северная столица». У якасці аватаркі цяпер пастаўлены герб Беларусі.
«1 ці 2 лютага, я ўжо не памятаю дакладна, мяне забралі. Правялі тлумачальную гутарку і склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП. Справа ў тым, што ў старых відэа на аватарцы нібыта знайшлі бел-чырвона-белы сцяг, нібыта я мітынг праводзіў. Суткі я адсядзеў, але суд прызначылі на 13 лютага, і мяне адпусцілі. Здавалася б, нікуды не лез, здымаў толькі рыбалку, падарожжы і дэгустацыю кансерваў. Адваката я не стаў браць, бо наўрад ці ў маёй сітуацыі гэта дапаможа». Ну, што зробіш! У такія часы нялёгкія жывём», - так тлумачыць гісторыю свайго сёлетняга затрымання сам Усціновіч у апошнім уласным відэароліку, знятым па дарозе ў суд.
Блогер паабяцаў, што здыме ролік пра працяг гэтай гісторыі, але абнаўленняў на канале няма, з чаго вынікае версія пра арышт, якім пакаралі стваральніка відэакантэнту.
Што да відэатворчасці аўтараў «Северная столицы», то на выкарыстаных там фрагментах так званага «пакальнага відэа» Віталь Усціновіч кажа, што пакідаў каментары «на забароненых каналах», «здымаў відэаролікі пра «Шоушенко», і цяпер ён «прыносіць прабачэнні супрацоўнікам міліцыі». Таксама блогер папярэджвае сваіх падпісчыкаў: «Калі будзеце пакідаць каментары на забароненых сайтах, то паедзеце да мяне ў ІЧУ». І заклікае землякоў прагаласаваць на выбарах 25 лютага і не парушаць закон.
Анатоль Астапенка