Нядзеля, 20 Кастрычнік 2024

Віцебскага актывіста Яўгена Сцяпанава ўключылі ў «экстрэмісцкі спіс» МУС

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцяблянін быў асуджаны паводле ч.3 арт. 361-1 Крымінальнага Кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Яго судзілі ў Віцебскім абласным судзе, вырак не вядомы. У «экстрэмісцкім» спісе на сайце МУС пазначана, што Яўген Сцяпанаў ужо «адбывае пакаранне». Мужчына мае вялікія праблемы са здароўем: ён перанес два інсульты, апошні з іх, як сведчаць абазнаныя крыніцы, здарыўся ўжо за кратамі.

Паводле няпэўных звестак, ён быў затрыманы сёлета ў студзені за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у інтэрнэце» і па ч.2 арт. 19.11 КаАП асуджаны да арышту, з-пад якога на волю ўжо не выйшаў. Суд над мужчынам па крымінальнай справе распачаўся 17 верасня.

Пад пільную ўвагу з боку сілавых структур Сцяпанаў трапіў у 2022 г., калі пачаў пісаць антываенныя звароты розныя ў дзяржаўныя інстанцыі. Ён патрабаваў паспрыяць спыненню расійскай вайсковай агрэсіі на тэрыторыі Украіны - абвясціць фармаванне антываеннага руху і падтрымаць любыя формы антываенных пратэстаў; патрабаваць неадкладнага вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі, лічыць вайсковымі злачынцамі ўсіх, хто прымаў рашэнне пра вайсковыя дзеянні ва Украіне, і хто санкцыянаваў агрэсіўную прапаганду, якая апраўдвае вайну, у дзяржаўных беларускіх медыях.

Свае патрабаванні спыніць вайну ва Украіне Яўген Сцяпанаў накіроўваў і мясцовым уладам, і дзяржаўным асобам вышэйшага рангу – міністру абароны Рэспублікі Беларусь, кіраўніку ўзброенымі сіламі краіны, Генеральнаму пракурору РБ. Ён пісаў, што як чалавек і грамадзянін не даваў згоды на прысутнасць расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. Таму ад свайго імя, як прадстаўніка грамадзянскай супольнасці, ён забараняе пакідаць у Беларусі замежных вайскоўцаў, выкарыстоўваць тэрыторыю краіны для нанясення ўдараў па замежных дзяржавах і ўдзел у вайсковых канфліктах за межамі Рэспублікі Беларусь усім вайсковым служачым Узброеных сіл РБ».

Неўзабаве пасля таго, як адрасаты атрымалі ягоныя звароты, дома ў Яўгена Сцяпанава правялі ператрус. Міліцыянты забралі ноўтбук, два мабільныя тэлефоны, гульнявую прыстаўку, сістэмны блок ад кампутара, відэакамеру, некалькі флэшак, CD-дыскі. А таксама былі забраныя нататнік з паролямі ад электронных паштовых скрыняў і нават шарыкавая ручка.

Сутнасць абвінавачанняў, высунутых супраць Яўгена Сцяпанава, якога цяпер вінавацяць у «стварэнні або ўдзеле ў дзейнасці экстрэмісцкага фармавання», не вядомая.

Яўген Сцяпанаў мае сур'ёзныя праблемы са здароўем: у 2020 годзе ен перанес інсульт, пасля якога займеў цяжкасці з маўленнем. Праз гэта Яўген Сцяпанаў страціў магчымасць працаваць па прафесіі – ён скончыў універсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «рэжысура», праводзіў вяселлі, канцэрты, іншыя ўрачыстыя і забаўляльныя мерапрыемствы.

Паводле тых, хто знаходзіўся з мужчынам у СІЗА падчас апошняга затрымання, у зняволенні ён пернес яшчэ адзін інсульт.

Андрэй Кот