Сутнасць абвінавачанняў, высунутых супраць Яўгена Сцяпанава, якога цяпер вінавацяць у «стварэнні або ўдзеле ў дзейнасці экстрэмісцкага фармавання», не вядомая. Паводле няпэўных звестак, ён быў затрыманы сёлета ў студзені за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у інтэрнэце» і па ч.2 арт. 19.11 КаАП асуджаны да арышту, з-пад якога на волю ўжо не выйшаў.
З сацыяльных сетак Яўген Сцяпанаў знік яшчэ напрыканцы 2022 года, але праз складанасць камунікацыі з ім гэта засталося незаўважаным. Магчыма, актывіст і сам выдаліў частку сваіх ранейшых публікацый, бо трапіў пад міліцэйскі пераслед.
Увагу з боку сілавых структур прыцягнулі ягоныя звароты ў дзяржаўныя інстанцыі, напісаныя ў канцы лютага – пачатку сакавіка 2022г. Ён патрабаваў паспрыяць спыненню расійскай вайсковай агрэсіі на тэрыторыі Украіны - абвясціць фармаванне антываеннага руху і падтрымаць любыя формы антываенных пратэстаў; патрабаваць неадкладнага вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі, лічыць вайсковымі злачынцамі ўсіх, хто прымаў рашэнне пра вайсковыя дзеянні ва Украіне, і хто санкцыянаваў агрэсіўную прапаганду, якая апраўдвае вайну, у дзяржаўных беларускіх медыях.
Свае патрабаванні спыніць вайну ва Украіне Яўген Сцяпанаў накіроўваў і мясцовым уладам, і дзяржаўным асобам вышэйшага рангу – міністру абароны Рэспублікі Беларусь, кіраўніку ўзброенымі сіламі краіны, Генеральнаму пракурору РБ. Ён пісаў, што як чалавек і грамадзянін не даваў згоды на прысутнасць расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. Таму ад свайго імя, як прадстаўніка грамадзянскай супольнасці, ён забараняе пакідаць у Беларусі замежных вайскоўцаў, выкарыстоўваць тэрыторыю краіны для нанясення ўдараў па замежных дзяржавах і ўдзел у вайсковых канфліктах за межамі Рэспублікі Беларусь усім вайсковым служачым Узброеных сіл РБ».
Адзіны «кантынгент», які віцяблянін прапаноўваў адмыслова даслаць у зону вайсковага канфлікту, гэта «супрацоўнікі сілавых структур, якія праявілі асаблівую адвагу, выкарыстоўваючы фізічную сілу, спецыяльныя сродкі і зброю супраць бяззбройных грамадзянаў, жанчын, пенсіянераў, і інвалідаў падчас пратэстных падзеяў падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 году».
Неўзабаве пасля таго, як адрасаты атрымалі ягоныя звароты, дома ў Яўгена Сцяпанава правялі ператрус. Міліцыянты забралі ноўтбук, два мабільныя тэлефоны, гульнявую прыстаўку, сістэмны блок ад кампутара, відэакамеру, некалькі флэшак, CD-дыскі. А таксама былі забраныя нататнік з паролямі ад электронных паштовых скрыняў і нават шарыкавая ручка.
Андрэй Кот