Пятніца, 13 Верасень 2024

У Віцебску за «распаўсюд экстрэмізму» зноў судзілі «Чалавека года Віцебшчыны»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Учора ў суд Чыгуначнага раёна Віцебска быў выкліканы Дзяніс Якаўлеў, галоўны захавальнік фондаў віцебскага музея Міная Шмырова. Званне «Чалавек года Віцебшчыны» яму было нададзена ў 2022 годзе. Сёлета гэта першы падобны выпадак: летась па «народнай адміністртыўцы» ч.2 арт.19.11 КаАП пакаралі трох чалавек з такім званнем (Ілля Шандалесаў, Тамара Джумантаева, Аляксандр Ганчароў) , пазалетась – аднаго (Вітольд Ермалёнак). Большасць гэтых людзей звольнілі з працы, нягледзячы на аўтарытэт і былыя заслугі.

Дзяніс Якаўлеў

адпрацаваў у мемарыяльным музеі Героя Савецкага Саюза М.Ф.Шмырова больш за 16 гадоў. Апрача сваіх непасрэдных працоўных абавязкаў, ён з'яўляецца вядомым у горадзе папулярызатарам гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Дзяніс Якаўлеў складае квэсты для падлеткаў па тагачасных падзеях, праводзіць імпрэзы ў музеі і ў навучальных установа

Віцебскі аблвыканкам уганараваў яго званнем «Чалавек года Віцебшчыны»- 2022 у намінацыі «Сацыяльная сфера».

Паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП РБ яго судзіла суддзя Алена Грабянчук. Вынік суду не вядомы, пакуль імя і прозвішча Дзяніса Якаўлева не знікла з сайта музея.

Ілля Шандалесаў

на момант надання яму звання «Чалавек года Віцебшчыны»-2018 працаваў галоўным урачом Лепельскай раённай бальніцы і быў ці не самым маладым галоўурачом у Віцебскай вобласці. Цяпер гэтай установай аховы здароўя кіруе іншы чалавек.

Ілля Шандалесаў быў асуджаны паводле ч.2 арт.10.11 КаАП 16 лістапада 2023г. судом Лепельскага раёна. Які прысуд вынес суддзя Фадзей Зінькевіч, невядома. Публікацыі пра былога галоўнага ўрача райбальніцы таямнічым чынам зніклі з сайта мясцовай раённай газеты «Лепельскі край», профілі Іллі Шандалесава ў сацыяльных сетках закрытыя.

Тамара Джумантаева

была прызнана «Чалавекам года Віцебшчыны-2014», працуючы на пасадзе дырэктара Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея запаведніка. У 2012 годзе ўстанова пад яе кіраўніцтвам была адзначана як найлепшы рэгіянальны музей у Беларусі.

29 сакавіка 2023 года Тамару Джумантаеву затрымалі ў ліку іншых музейных супрацоўнікаў, якія трапілі пад міліцэйскі «хапун». У кандыдаткі мастацтвазнаўства правялі пертрус і ў той самы дзень асудзілі да 15 сутак арышту за распаўсюд так званых «экстрэмісцкіх» матэрыялаў – за перадрук у сацыяльных сетках матэрыялаў з інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаных «экстрэмісцкімі». Пакуль жанчына знаходзілася пад арыштам, яе звольнілі. Тамара Джумантаева даведалася пра гэта, калі выйшла з-пад арышту 13 красавіка.

Аляксандр Ганчароў

таксама быў прызнаны «Чалавекам года Віцебшчыны-2014». З 2008 года ён кіраваў аддзяленнем анэстэзіі і рэанімацыі Віцебскага абласнога клінічнага шпіталя. У 2024 годзе Ганчарова звольнілі.

11 кастрычніка 2023 года лекар найвышэйшай катэгорыі быў затрыманы і на падставе ч.2. арт. 19.11 КаАП пакараны арыштам тэрмінам на 15 сутак. Пры паўторнай праверцы работнікамі міліцыі гаджэтаў Ганчарова імі быў складзены яшчэ адны пратакол па адміністрацыйным правапарушэнні, звязаным з распаўсюджваннем "экстрэмізму" ў Інтэрнеце. Другі раз, яшчэ на 15 сутак яго, Аляксандра Ганчарова асудзілі 2 лістапада. Абодва разы вінаватым лекара прызнаваў суд Кастрычніцкага раёна Віцебска. Спробы абскардзіць гэтыя рашэнні ў абласным судзе поспеху не прынеслі.

Вітаўт Ермалёнак

быў затрыманы 30 лістапада 2022 года ў Мёрах. Лаўрэат дзяржаўнай прэміі «За духоўнае адраджэнне», уганараваны ў 2010-м годзе званнем «Чалавек года Віцебшчыны» быў асуджаны 12 снежня ў Мёрскім раённым судзе. Аднаго з самых знакамітых жыхароў усяго Мёрскага раёну – настаўніка найвышэйшай катэгорыі, стваральніка некалькіх музеяў, кіраўніка музейнага абʼяднання «Спадчына Мёрскага краю» - пакаралі арыштам на 7 сутак.

Анжэла Аблатава