Чацвер, 26 Снежань 2024

Віцебская гарадская пракуратура постфактум распавяла пра прысуд Паўлу Іванову, асуджанаму за «шэраг злачынстваў супраць парадку кіравання»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

56-гадовага мужчыну затрымалі сёлета ў чэрвені. Тэлеграм-каналы, блізкія да сілавікоў, паказалі, як затрыманага Паўла Іванова вядуць у следчы камітэт проста ў халаце... Бо ён нібыта "мечтал устроить хаос и разруху» ў Беларусі, пісаў каментары ў інтэрнэце і браў удзел "у масавых беспарадках" у 2020 годзе. Ён быў асуджаны паводле ч.1 арт. 368 КК (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады).

Згодна з афіцыйнай інфармацыяй на сайце Віцебскага гарвыканкама, віцяблянін, «з'яўляючыся карыстальнікам месэнджара "Telegram", быў падпісаны на розныя экстрэмісцкія і дэструктыўныя публічныя групы. У некаторых з іх пакідаў свае каментарыі. У ліку іншых пакінуў абразлівыя каментарыі адносна Кіраўніка дзяржавы і намесніка Міністра ўнутраных спраў. У судовым паседжанні абвінавачаны сваю віну прызнаў цалкам. Прычыны сваіх учынкаў патлумачыў негатыўнымі эмоцыямі пасля прачытання каментароў іншых карыстальнікаў. Разумеў, што з апублікаванымі ім абразамі азнаёмілася неабмежаваную колькасць карыстальнікаў месэнджэра, аднак не надаў гэтаму значэння і не задумваўся аб адказнасці».

Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Дзяніс Аляксеенка сёлета ў верасні асудзіў Паўла Іванова да пазбаўлення волі на тэрмін 2 гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і да штрафу памерам 4 000 рублёў.

Падрабязныя звесткі пра прысуд было апублікаваны толькі 24 снежня. Гэта здарылася праз месяц пасля таго, як прозвішча і імя асуджанага ўнеслі ў пералік асобаў, «схільных да экстрэмісцкай дзейнасці» на сайце МУС.

«Аўтарытэт кіраўніка дзяржавы, дзейнасць прадстаўнікоў улады і ўсіх службовых асоб дзяржавы ў цэлым - адзін з важнейшых фактараў стабілізацыі грамадства. Грамадская небяспека злачынстваў супраць парадку кіравання заключаецца ў тым, што любое з іх не толькі падрывае аўтарытэт дзяржаўнай улады, але і парушае нармальную дзейнасць органаў кіравання, перашкаджае іх рабоце, прыводзіць да дэзарганізацыі адносін кіравання», -- сцвярджае прадстаўніцтва Віцебскай гарадской пракуратуры.

Ігар Лупнікаў