Серада, 30 Красавік 2025

Ксёндз з Шуміліна Анджэй Юхневіч асуджаны да 13 гадоў калоніі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

30 красавіка ў Шуміліне вынесены прысуд айцу Анджэю Юхневічу, пробашчу мясцовага санктуарыя Маці Божай Фацімскай. Вернікі даведаліся, што святар асуджаны да 13 гадоў зняволення, пры тым, што абвінавачванне настойвала на тэрміне ў 15 гадоў. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, справу святара разбірала старшыня суда Шумілінскага раёна Іна Грабоўская.

Судовы працэс над Анджэем Юхневічам працягваўся каля 4 месяцаў - са снежня мінулага года. Увогуле ж за кратамі святар знаходзіцца амаль год: яго затрымалі 8 траўня мінулага года разам з другім шумілінскім ксяндзом, Паўлам Лемехам.  Затрыманне ксяндзоў  адбылося ў Шуміліне пасля сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў у шумілінскім санктуарыі Маці Божай Фацімскай, абодвух спачатку асудзілі па адміністрацыйным артыкуле за “пікетаванне ў сацсетках”. Адбыўшы прысуджаны арышт, ксёндз Павел Лемех выйшаў на волю. Ксяндза Анджэя Юхневіча судзілі па адміністрацыйных артыкулах яшчэ двойчы.

Якое абвінавачанне высунулі супраць яго па першым часе, не вядома. Але ўжо ў кастрычніку ў вернікаў з’явілася інфармацыя, што ксяндзу Анджэю пагражаюць  абвінавачаннямі ў злачынствах супраць сэксуальнай недатыкальнасці непаўнагадовых.

З раскладу Шумілінскага райсуда вынікала , што  Анджэя Юхневіча  вінавацяць  за распусныя дзеянні ( ч.2 арт. 169 КК), за гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару ( ч.2 арт.167 КК), дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту (ч.2 арт.168 КК).

Як даведаліся вернікі, падчас суду святар цалкам адмаўляў віну і спрабаваў даказаць сваю невінаватасць, піша katolik.life. Сутнасць абвінавачванняў дагэтуль застаецца невядомай, адзіная інфармацыя ад вернікаў - пра тое, што у справе святара гаворка ідзе пра падзеі прыкладна 10-гадовай даўніны. Людзі лічаць, што справа збудаваная на сумніўных паказаннях.

Пакуль прысуд Шумілінскага райсуду не ўступіў у законную сілу. Найверагодней, што святар будзе яго абскарджваць.

Ларыса Горына