У абноўлены 18 красавіка пералік “экстрэмістаў” на сайце МУС дадалі яшчэ чацвярых глыбачан - гэта Сяргей Жук, Юрый Дзярук, Ілля Кірцянаў і Андрэй Хрол. Усе чацвёра былі асуджаны судом Глыбоцкага раёна паводле ч.1 арт.342 Крымінальнага Кодэкса, ва ўсіх чацвярых "судзімасць не пагашана", што можа азначаць прысуджаную "хатнюю хімію".
Такія самыя прысуды раней атрымалі жыхары Глыбокага, якія трапілі пад міліцэйскі "хапун" увосень мінулага году. Тады сілавікі затрымалі не менш як 20 чалавек, частку з іх асудзілі па адміністрацыйных артыкулах, супраць іншых распачалі крымінальныя справы за "арганізацыі і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх".
Найверагодней, што Сяргей Жук, Юрый Дзярук, Ілля Кірцянаў і Андрэй Хрол таксама страпілі пад судовы пераслед пасля мінулагодняга "хапуну". Даты судоў над імі не вядомыя, бо з 5 сакавіка на сайце Вярхоўнага суда больш не з’яўляюцца расклады судовых пасяджэнняў.
Але да таго, як гэтыя звесткі сталі таямніцай дзяржаўнага масштабу, праваабаронцы адсачылі, што ў Глыбоцкім раённым судзе суддзя Андрэй Тарасевіч разбіраў шэраг падобных справаў з канца студзеня да 13 сакавіка.
28 студзеня 2025 года паводле ч.1 арт. 342 ён асудзіў Івана і Дзмітрыя Піскуновічаў, 4 лютага разбіраў справу Рамана Васілевіча, 7 лютага была разгледжана справа Ігара Шкетава, 25 лютага судзілі Сяргея Міхалевіча, 10 сакавіка разглядалі справу Аляксандра Шэлепня,12 сакавіка - справу пакуль што адзінай жанчыны ў гэтым пераліку - Людмілы Пацэвіч.
Пасля "хапуна", які сілавікі наладзілі ў Глыбокім у верасні-кастрычніку мінулага года, на заангажаваных Тэлеграм-каналах выклалі 4 відэаролікі з пакаяльнымі відэа глыбачан, якія прызнаваліся, што бралі ўдзел у пратэстах супраць вынікаў мінулых прэзідэнцкіх выбараў.
Марыя Пятрэнка