Пятніца, 17 Ліпень 2026

«Экстрэмістамі” абвясцілі дваіх 20 -гадовых хлопцаў з Віцебшчыны

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Адзін з іх – таленавіты спартовец, другі з дзяцінства праяўляў вялікія здольнасці да вучобы. Віцебскі абласны суд прызнаў абодвух  вінаватымі паводле чч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага Кодэкса і асудзіў да “хатняй хіміі”. Судзімасць істотна адаб’ецца на жыццёвых перспектывах маладых людзей.

Імя і прозвішча 20-гадовага віцябляніна Арцёма Астратава (на фота) з’явілася на сайце МУС у  пераліку асобаў, “датычных да  экстрэмісцкай дзейнасці”, з пазнакай  “судзімасць не пагашана”.

Асуджаны за “садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці” -  выпускнік віцебскай школы №4. У  малодшых класах ён быў удзельнікам алімпіяд па беларускай мове, пазней паглыблена вывучаў замежныя мовы, у старэйшых класах стаў  пераможцам юрыдычнай алімпіяды, арганізаванай у Полацкім дзяржаўным універсітэце. У школьныя гады  ў  Арцёма Астратава неаднаразова бралі інтэрв’ю дзяржаўныя выданні, яго паказвалі па віцебскім тэлебачанні.  Хлопец  казаў, што марыць паступіць у віцебскі ўніверсітэт і стаць настаўнікам.  

Але лёс склаўся іначай: хлопец стаў студэнтам юрыдычнага факультэта віцебскага МІТСО. Там ён заняўся навуковай дзейнасцю, і летась праца першакурсніка па канстытуцыйным праве атрымала ў конкурсе студэнцкіх работ другую катэгорыю.


У пералік “экстрэмістаў” на сайце МУС уключылі і 20-гадовага аршанскага хакеіста Матвея Сіняўскага. Паводле інфармацыі на гэтым рэсурсе, у яго таксама “судзімасць не пагашана”.

Матвей Сіняўскі вядомы як гулец хакейнай каманды “Лакаматыў-Орша”, выступаў пад нумарам 24, пазней – 67. У 2019 годзе хлопец выступаў за зборную Віцебскай вобласці «Северная столица». У інтэрнэце можна знайсці відэаролікі, як зусім яшчэ юны спартовец паспяхова забівае шайбы ў вароты супернікаў.  

Таццяна Васьковіч