Трое сутак да суду віцебскі актывіст КХП-БНФ ужо адбыў у ізалятары часовага ўтрыманьня, трымаючы галадоўку. Ён быў зьмешчаны пад варту 24 сьнежня – у той дзень у Віцебску быў вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг. На судовы працэс Сяргея Каваленку прывезьлі ў кайданках, што асабліва абурыла сваякоў і праваабаронцаў.

Аляксандар Мухін, стваральнік і кіраўнік рок-клюбу Doors, быў вывезены псыхіятрычнай брыгадай з уласнага дому і два дні ўтрымліваўся ў ізаляцыі. За гэты час яму пасьпелі паставіць дыягназ, па Барані пайшлі чуткі пра ягонае, як высьветлілася, неіснуючае псыхічнае захворваньне, міліцыя пасьпела забраць паляўнічую стрэльбу, якая зьяўлялася сямейнай рэліквіяй, і быў дастаўлены шэраг іншых непрыемнасьцяў.

Сябра партыі КХП-БНФ Ян Дзяржаўцаў пакінуў запіс у кнізе заўвагаў і прапановаў суду Чыгуначнага раёну Віцебску. Ён паскардзіўся на парушэньне працэсуальных нормаў судзьдзёй Аленай Цыганковай, якая не пусьціла яго на адкрытае судовае паседжаньне. Вынік: скарга прызнаная абгрунтаванай. У выпадку паўторнага такога парушэньня з боку судзьдзі яна будзе прыцягнутая да адказнасьці, паабяцала партыйнаму актывісту старшыня суду Раіса Лупянкова.

«Фатаграфіі ў інтэрнэце групы асоб з папяровымі клеткамі і птушкамі спарадзілі вялікі аб’ём адміністрацыйнай працы для міліцыянтаў і судзьдзяў Чыгуначнага раёну гораду Віцебску. Варта адзначыць, што ў працэсе разгляду спраў у судзе адбыліся зьмены і ў частцы прад’яўленых абвінавачваньняў удзельнікам фотасэсіі, і ў частцы пакараньня», – пракамэнтаваў сэрыю судовых працэсаў у дачыненьні да ўдзельнікаў фотасэсіі на фоне графіці, якія прайшлі надоечы ў Віцебску, праваабаронца Валер Місьнікаў. Пра гэта ён напісаў у сваім блогу на livejournal.com.

28 лістапада ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску адбыліся слуханьні адміністрацыйных справаў журналістаў, якія сфатаграфаваліся на фоне гарадзкога графіці напярэдадні 5 лістапада. Зьміцер Казакевіч і Алена Сьцяпанава атрымалі штрафы ў 20 базавых велічыняў кожны (3 мільёны беларускіх рублёў), а Алена Шабуня - 18 базавых за парушэньне артыкулу 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавых мерапрыемстваў).