У судзе Чыгуначнага раёну Віцебску распачаўся новы разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненьні да актывісткі Надзеі Куканос. Справу вядзе судзьдзя Алена Цыганкова. 30 ліпеня судовае паседжаньне пачалося са значным спазьненьнем, і адна з выкліканых у суд сьведак, Людміла Савельева (на фота), падала наконт гэтага скаргу. Пасьля, паводле слоў спадарыні Савельевай, судзьдзя запрасіла яе ў свой габінэт, дзе зьневажала яе і пагражала прыцягнуць да адказнасьці за фальшывыя паказаньні. У выніку жанчына мусіла зьвярнуцца да лекараў, якіх выклікалі наўпрост у суд…

Судзьдзя суду Лёзьненскага раёну Віцебскай вобласьці Сьняжана Кіндзеева вынесла пастанову пра спыненьне адміністрацыйнай справы ў дачыненьні да сябра палітвыканкаму Віцебскай абласной арганізацыі Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці Міхаіла Пятроўскага. Такая пастанова вынесеная ў сувязі з тым, што скончыўся тэрмін накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня.

Актывістка Надзея Куканос выклікала міліцыю, каб тая ўгамавала п’яную кабету, якая чаплялася да яе. Калі праз паўгадзіны міліцэйскі нарад прыбыў на месца здарэньня, сьлед дэбашыркі прастыў. Але міліцыянты вырашылі не вяртацца ў свой пастарунак зь мілым ліхам і даставілі туды саму актывістку. У пастарунку на яе быў складзены пратакол – нібыта за фальшывы выклік міліцыі. Потым быў суд – актывістку пакаралі. Надзея Куканос абскардзіла рашэньне пра пакараньне, і – рэдкі выпадак – у абласным судзе прыслухаліся да аргумэнтаў актывісткі. Надоечы пастанову суду першай інстанцыі скасавалі, а справу накіравалі на новы разгляд.

21 ліпеня ў Наваполацкім судзе распачаліся судовыя слуханьні па абвінавачваньні грамадзкага актывіста Яўгена Парчынскага ў парушэньні крымінальнага закону. Актывісту інкрымінуюць падзеі, якія адбыліся ў 2009 - 2012 гадох, па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу.

Як стала вядома, яшчэ пры канцы траўня судзьдзя суду Кастрычніцкага раёну Віцебску Тацьцяна Жураўкова вынесла пастанову аб спыненьні прымусовых мер бясьпекі і лекаваньня ў дачыненьні да віцебскага праваабаронцы Валера Місьнікава. Такога рашэньня суду праваабаронца дамагаўся больш за шэсьць гадоў.