«Акруговая выбарчая камісія не зьяўляецца арганізацыяй, таму Закон аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб на яе не распаўсюджваецца», - гэтак судзьдзя Юры Урбан абгрунтаваў сваю адмову задаволіць пазоў віцебскага актывіста Кастуся Мардзьвінцава супраць Аляксандра Красоўскага, старшыні АВК Віцебскай сельскай выбарчай акругі № 21 падчас выбараў, і Ірыны Жулевай, сакратаркі камісіі.

 

У судзе Віцебскага раёну працягваецца судовае паседжаньне ў справе пазову актывіста віцебскай арганізацыі “Белая Русь” Сяргея Рыжова да абласных мэдыкаў: “Гэта працяг маіх патрабаваньняў па прызнаньні палітматываванага ціску на віцебскіх мэдыкаў, які працягваецца з 2010 году. Прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі і праваабаронцам адмовілі ў допуску ў залю адчыненага судовага паседжаньня. Яны ня мелі магчымасьці весьці аўдыё і відэазапіс”. Паводле слоў Рыжова, судзьдзя Ліпская публічна пагражала Рыжову прыцягненьнем да адказнасьці нібыта за паразытызм.

 

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску пакараў 15 кастрычніка вядомага віцебскага апазыцыянэра Барыса Хамайду штрафам у 2 базавыя велічыні за тое, што той бараніў герб Віцебскай вобласьці ад нападак загадчыцы прадуктовай крамы “Веста”… Справу разглядала судзьдзя Алена Цыганкова. Дарэчы, менавіта яна 3-га верасьня аштрафавала Хамайду на 400 тысяч рублёў за несанкцыянаванае пікетаваньне, калі той ля “Сіняга дому” ў Віцебску заклікаў байкатаваць парлямэнцкія выбары.

 

Суд Першамайскага раёну Віцебску не задаволіў скаргу сябры партыі КХП БНФ Пётры Сарапені на рашэньне Першамайскай адміністрацыі аб забароне пікету за байкот выбараў. Скаргу разглядала намесьніца старшыні суду Вольга Ільлюшонак. На пачатку паседжаньня Сарапеня заявіў хадайніцтва, каб працэс вёўся на беларускай мове. Судзьдзя адмовіла. Маўляў, мовамі судовых паседжаньняў у нашай краіне зьяўляюцца дзьве – руская і беларуская.