Судья суду Расонскага раёна Алена Ялавая 16 студзеня прысудзіла былому начальніку Наваполацкага ГАУС Уладзіміру Дуброўскаму 2,5 года «хіміі». Ён абвінавачваўся ў супраціве супрацоўніку міліцыі, спалучаным з ужываннем гвалту па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса.

У судзе Першамайскага раёна Віцебска скончыўся разбор адміністрацыйнай справы, распачатай 24 студзеня гэтага года супраць найстарэйшага віцебскага апазіцыянера. 25 студзеня суддзя Міхаіл Юрчанка не знайшоў дастатковых падстаў, каб пакараць Барыса Хамайду, і выклікаў у судовае пасяджэнне сведкаў- міліцыянтаў. Адміністрацыйная справа была распачатая паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП: на старонцы Барыса Ханонавіча ў Фэйсбуку сілавікі знайшлі «экстрэмісцкія» падпіскі. Аднак актывіст цвердзіць, што яны з'явіліся пасля таго, як ягоны тэлефон трапіў у рукі да сілавікоў падчас ператрусу 23 студзеня.

Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 30 лістапада 2023 года за распаўсюд «экстрэмізму» ў сацыяльнай сетцы арыштавала на 10 сутак Алену Шкірэнку.

Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Міхаіл Юрчанка 29 студзеня прызнаў вінаватым Дзмітрыя Палякова ў абразе прадстаўнікоў ўлады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў, і на падставе арт.369 КК прызначыў мужчыну пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін у 1,5 года з адбываннем пакарання ў папраўчым калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму са штрафам у памеры 4000 рублёў. Акрамя таго, Зміцер павінен выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды на карысць траіх пацярпелых міліцыянтаў на агульную суму 5500 рублёў.

Суддзя суда Міёрскага раёна Ірына Яскевіч 27 сакавіка мінулага года за распаўсюд у сацыяльнай сетцы «экстрэмісцкіх» публікацый аштрафавала на 555 рублёў медыцынскую сястру Міёрскай цэнтральнай раённай бальніцы Таццяну Грыгор'еву.