Суд адбыўся 15 сакавіка, у той самы дзень з-пад арышту выйшла на волю жонка актывіста Святлана Стукава. Яе звінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў за наяўнасць падпіска на BySol у Фэйсбуку, і жанчына 15 сутак адбыла за кратамі. Цяпер суддзя Сяргей Бясецкі паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП асудзіў да 15 сутак арышту і Віктара Стукава. Сямейную пару судзілі ў судзе Полацку і Полацкага раёну.

Па рашэнні старшыні суда Сенненскага раёна суддзі Іны Досавай, лабарант аднаго прадпрыемстваў Сянно за здзек над дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь (арт.370 КК Рэспублікі Беларусь) быў пакараны абмежаваннем волі тэрмінам на 1 год 6 месяцаў без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Прысуд быў агучаны 25 студзеня і ўступіў у сілу.

У адпаведным спісе МУС з’явілася згадка пра тое, што 9 сакавіка суд Маладзечанскага раёну прызнаў экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй відэаролік да песні «Чэрці», размешчаны на YouTube.com. Год таму, 24 лютага, суд Маладзечанскага раёну прызнаў экстрэмісцкім артыкул пра гэтую песню, надрукаваны ў мясцовай недзяржаўнай «Рэгіянальнай газеце». Аўтарам словаў і музыкі з’яўляецца Ігар Палынскі – жыхар Полацку, які цяпер вымушана знаходзіцца ў эміграцыі.

Вярхоўны суд 06 сакавіка 2023 прыняў рашэнне ліквідаваць Беларускую грамадскую арганізацыю "Асацыяцыя алерголагаў і клінічных імунолагаў". Ініцыятарам ліквідацыі медычнай арганізацыі выступіла ўпраўленне па пытаннях некамерцыйных арганізацый Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Офіс арганізацыі знаходзіўся ў Віцебску і асноўнымі заснавальнікамі і сябрамі з'яўляліся, ў асноўным, работнікі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Судамі Віцебскай вобласці за 2022 год за здзяйсненне злачынстваў карупцыйнай накіраванасці было асуджана 58 асоб. Гэта на 12,1% менш, чым у 2021 годзе, калі за падобныя злачынныя дзеянні былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці 66 чыноўнікаў. З улікам, што ў рэгіёне ў дзяржаўным кіраванні працуюць больш за 23 тыс. чалавек, то можна сцвярджаць, што на Віцебшчыне карупцыя пераможана.