8 красавіка Віцебскі абласны суд разгледзеў скаргу кіраўніка Віцебскай абласной філіі БНФ Кастуся Смолікава на пастанову суду Кастрычніцкага раёну Віцебску. 30 сакавіка Кастусь Смолікаў, Алесь Вендт і Іван Казлоў былі прызнаныя вінаватымі ў несанкцыянаваным пікетаванні і пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі.

Віцебскі абласны суд разгледзеў 7 красавіка скаргі журналістаў-фрылансераў Змітра Казакевіча і Алены Шабуні, аштрафаваных у сакавіку за матэрыялы, якія былі апублікаваныя на сайце тэлеканалу «Белсат». Суд Першамайскага раёну Віцебску прызнаў іх вінаватымі ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ (арт. 23.5 КаАП). Журналісты з гэтым не пагадзіліся.

31 сакавіка Віцебскі абласны суд разгледзеў скаргі праваабаронцы БХК Ірыны Траццяковай і жыхаркі Віцебскага раёну Таццяны Туравец на пастановы судоў ніжэйшай інстанцыі. Рашэнне суду паводле палітычна матываваных справаў сталіся прадказальнымі: суддзі Андрэй Прэйс і Святлана Іванова скаргі не задаволілі, а рашэнні раённых судоў пакінулі без зменаў.

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 30 сакавіка прайшоў судовы працэс у дачыненні да трох віцяблян, затрыманых на Дзень волі ля помніку князю Альгерду. Іх вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні (арт. 24.23 КаАП). Суд пакараў мужчын адміністрацыйнымі арыштамі – агулам на 35 сутак.

Суд над затрыманай на Дзень волі ў Віцебску Крысцінай Юдзінай прайшоў на тэрыторыі ізалятару часовага ўтрымання (ІЧУ). Ёй прысудзілі 25 сутак арышту. Ці адбыліся суды над іншымі віцяблянамі, якіх затрымалі 25 сакавіка, у тым ліку над кіраўніком абласной філіі БНФ Кастусём Смолікавым, пакуль невядома. З пэўнасцю можна сказаць толькі тое, што яны не на волі.