19 лютага адбылося другое пасяджэньне суда па адміністрацыйнай справе журналіста з Глыбокага Зьмітра Лупача. Яго вінавацілі ў парушэньні Закону аб СМІ за супрацу з тэлеканалам «Белсат». У выніку Глыбоцкі раённы суд вынес пастанову аб спыненьні справы ў сувязі з недаказанасьцю, паведамляе служба маніторынгу «Беларускай асацыяцыі журналістаў»

19 лютага віцебскія актывісты Аляксандар Дуброўскіх, Тацяна Севярынец і Алена Янушкоўская спрабавалі ў абласным судзе абскардзіць рашэньні судоў ніжэйшай інстанцыі, якія пакаралі іх штрафамі за «парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах» (арт. 23.34 КаАП). Актывістаў штрафавалі за дзеяньні, зьвязаныя з адстойваньнем незалежнасьці Беларусі.

18 лютага суд Віцебскага раёну разгледзеў чарговую адміністрацыйную справу, заведзеную ў дачыненьні да віцебскай актывісткі і блогеркі Алены Янушкоўскай. За рэпост, зроблены ў «Фэйсбуку», яе абвінавацілі ў парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.1, арт. 23.34 КаАП) і аштрафавалі на 30 базавых велічынь.

Раніцай 13 лютага ў судзе Першамайскага раёну Віцебску працягнуўся разгляд справы, распачатай у дачыненьні да полацкага блогера Алеся Круткіна і віцебскай актывісткі Натальлі Спірыдонава за разьмяшчэньне ўлёткі «Калгаснай дыктатуры Баста!» на будынку віцебскага ДБК. Судзьдзя Алена Протас аштрафавала кожнага з актывістаў на 50 базавых велічынь.

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 12 лютага разгледзелі справу полацкага блогера Алеся Круткіна і віцебскай актывісткі Натальлі Сьпірыдонавай. Іх судзілі за расклейку ўлётак «Калгаснай дыктатуры баста!», але іхныя дзеяньні кваліфікавалі як несанкцыянаванае пікетаваньне (арт. 23.34 КаАП). Круткін асуджаны на 15 сутак, Сьпірыдонава – аштрафаваная на 30 базавых велічынь.