Пракуратура прыраўняла расклейку ўлётак да масавых мерапрыемстваў
У судзе Першамайскага раёну Віцебску 11 лютага быў разгледжаны пратэст пракурора на пастанову начальніка РАУС, які аштрафаваў актывістку Натальлю Сьпірыдонаву на 10 базавых велічынь за расклейку ўлётак «Калгаснай дыктатуры Баста!» паводле ч.2 арт. 21.14 КаАП (Парушэньне правілаў добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня населеных пунктаў).
Былога кіраўніка Шуміліншчыны Снарава прысудзілі да 4-х з паловай гадоў калёніі
5 лютага Віцебскі абласны суд агучыў вырак у крымінальнай справе колішняга кіраўніка Шумілінскага раёну Аляксандра Снарава. Суд прызнаў выстаўленыя супраць яго абвінавачваньні даказанымі і прысудзіў да чатырох з паловай гадоў пазбаўленьня волі. Снарава абвінавачвалі паводле аж 5-ці артыкулаў Крымінальнага кодэксу (арт.242, ч.3 арт.424, ч.3 арт. 426, ч.2 арт.427, ч.2 арт. 430).
Абласны суд не задаволіў скаргі актывістак, якія выступілі за незалежнасьць краіны
У Віцебскім абласным судзе 5 студзеня разгледзелі скаргі на рашэньні судоў першай інстанцыі адразу трох актывістак – Тацяны Севярынец, Натальлі Трошчанка і Натальлі Стрэльчанка. Усе яны былі аштрафаваныя за ўдзел у мірных акцыях у падтрымку незалежнасьці Беларусі. Ніводная скарга не была задаволеная.
Апошнія суды за пікет у Віцебску: Прохараў – 1350 рублёў штрафу, Севярынец – 540 рублёў
У Віцебску 30 студзеня прайшлі апошнія суды над удзельнікамі пікету на плошчы Перамогі 29 сьнежня. Суд Чыгуначнага раёну Віцебску пакараў Аляксея Прохарава штрафам у памеры 50 базавых велічынь, Тацяну Севярынец аштрафавалі на 20 базавых. Абодва прызнаныя парушальнікамі заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Алесь Круткін асуджаны ў Полацку на 15 сутак
Актывіст грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Алесь Круткін быў 28 студзеня асуджаны на 15 сутак Полацкім судом. Гэтак яго пакаралі за ўдзел у мірных акцыях у абарону незалежнасьці краіны, якія праходзілі ў Менску ў сьнежні 2019 году. Суд над актывістам прайшоў у закрытым рэжыме, паведамляе «Эўрапейская Беларусь».