Чаму менавіта Нямеччына?
Я не адразу патрапіў сюды, спачатку абраў Украіна, таму што на момант пераезду не меў Шэнгенскай візы. Таму напачатку, як у многіх беларусаў, быў Кіеў. Калі пачалася вайна, я фактычна апынуўся там на нелегальным становішчы, таму выбіраць асабліва не прыйшлося: прыйшлося спешна выехаць з тэрыторыі ваенных дзеянняў. Напад ішоў у тым ліку і з Беларусі, таму я фактычна апынуўся паміж двума агнямі: для Украіны нелегал, а для рускіх - вораг. Атрымалася выбрацца ў Польшчу. А ўжо адтуль у Нямеччыну: мая маці этнічная немка.
Так, яшчэ ёсць сваякі ў Расіі і Беларусі, але ў наяўных абставінах гэтыя варыянты нават не разглядаў. Я заўсёды лічыў сябе ў нейкай ступені немцам, таму выбар быў відавочны. Вялікі дзякуй праваабаронцам, якія дапамагалі на ўсіх этапах. Яны расказалі і аб праграме дапамогі пры пераездзе з Польшчы ў Германію, ёю і скарыстаўся.
Як уладкаваўся на новым месцы
Спачатку я жыў у цэнтры дапамогі бежанцам. Тамака чакаў дакументы. Усё было складана, нова і незразумела. Разлічваў справіцца з бюракратычнымі працэдурамі тыдня за два, але ўсё зацягнулася.
Падаваўся на так званы 24-ы параграф, як уцекач з Украіны, але я не падыходзіў пад гэты закон, бо не меў сталага віда на жыхарства на тэрыторыі Украіны. Паўдзельнічаўшы ў конкурсе як медыя менеджэр і журналіст, атрымаў стыпендыю ў Берліне. Сур'ёзная падтрымка ад арганізацыі, якая шмат дапамагае журналістам з усяго свету. Гэта не толькі Ўкраіна і Беларусь, але і краіны афрыканскага кантынента.
Бытавыя падрабязнасці
Многія мае знаёмыя, якія пераехалі з Беларусі, крытычна ўспрымаюць Германію, але я прыехаў, па сутнасці, дадому, бо нямецкая культура што называецца "па крыві" заўсёды была блізкая мне.
Гэта датычыцца і бытавых праблем. Напрыклад, асновы тутэйшай традыцыйнай кухні ведаў яшчэ да пераезду. Па коштах усё адносна. Нешта даражэйшае ў параўнанні з Віцебскам, а нешта таннейшае. Па прадуктах і пражыванні я б не назваў Нямеччыну вельмі дарагой краінай. Сыр, напрыклад, вельмі танны. Але трэба ўлічваць, што тут зусім іншыя даходы, яны на парадак адрозніваюцца ад беларускіх. Па вопратцы можна знайсці танныя і якасныя рэчы. Шмат аутлет, дзе фірмовыя тавары прадаюцца вельмі танна.
Нягледзячы на правакацыйныя, ілжывыя заявы расейскіх і беларускіх прапагандыстаў, Нямеччына не замярзае і тым больш не галадае. Немцы наогул народ беражлівы, а зараз сталі яшчэ больш эканомнымі. Але нічога катастрафічнага няма. Пратэстаў з гэтай нагоды я не бачыў. Хаця Нямеччына свабодная краіна і калі хочаш пратэставаць – пратэстуй. Маеш права, дык карыстайся, калі лічыш, што іншага выйсця няма.
Стаўленне немцаў да беларусаў
Стаўленне ў прынцыпе нядрэннае. Тут і на рускіх не касавуцца, калі тыя з'ехалі ад Пуціна. Больш за тое: расейцаў, здаецца, успрымаюць нават лепш, чым нас. Таму што больш чулі пра Маскву і Піцер, чым пра Віцебск і Менск, таму што даўняя гісторыя ўзаемаадносін. Бо былі не толькі войны, але і вельмі трывалыя культурныя сувязі, не будзем забывацца і пра эканамічныя інтарэсы. Ну а Беларусь на гэтым фоне відавочна прайграе. Але бачу, напрыклад, што ў цэнтральных нямецкіх медыя эксперты пачалі называць нашу дзяржаву Belarus, а не Вайсрусланд.
Гэта прынцыпова - тут пачынаюць куды больш выразна разумець, што мы былая савецкая рэспубліка, намёртва прывязаная да Расіі, а суверэнная краіна са сваімі інтарэсамі і сваёй геапалітычнай арыентацыяй. Прычым такое ўсведамленне прыходзіць не толькі да палітыкаў, але і да звычайных грамадзян. Гэта прагрэс у палітычнай свядомасці.
Хаця варта прызнаць, што ў цэлым пра нас ведаюць тут вельмі мала. Тым больш, на фоне вайны ва Ўкраіне. Таму беларусам-эмігрантам, якія тым больш выехалі па палітычных матывах, вельмі важна знаёміць немцаў з нашай краінай. У тым ліку і праз асабісты прыклад. Паказваючы сваю адукаванасць, сучаснасць, свае найлепшыя дзелавыя якасці. Бо аб краіне судзяць і па паводзінах яе грамадзян.
Аднак калі вярнуцца да сённяшняга бытавога пейзажу, на паўсядзённым узроўні такое вось веданне-няведанне беларусаў, рускіх, украінцаў практычна адсутнічае. Бо ў Берліне вельмі шмат эмігрантаў, а я яшчэ і жыву ў так званым "рускім раёне". Тут "вялікі і магутны" чутны практычна на кожным куце, тым больш пасля пачатку вайны, калі сюды пераехала таксама шмат украінцаў.
Як жыве дыяспара
Я не моцна звязаны з беларускай дыяспарай, але ў маю інфармацыйную прастору іх дзейнасць трапляе. Існуе мноства чатаў землякоў у Германіі: не толькі па інтарэсах, але і па геаграфіі, гарадах, у тым ліку Берлін. На жаль, і адначасова, на шчасце, у мяне шмат працы - часу для актыўнасцяў не хапае.
Але трэба разумець, што беларусаў у Нямеччыне, у параўнанні, напрыклад, з Польшчай, менш у дзясяткі разоў, таму, напэўна, яны менш заўважныя. А так мерапрыемствы праходзяць практычна ўвесь час. Сачу за імі ў асноўным у анлайн-фармаце.
Планы на будучыню
Разглядаю сваю паездку ў Нямеччыну як доўгатэрміновую камандзіроўку. Я збіраюся вернуцца. Нават калі атрымаю нямецкі пашпарт, усё роўна вярнуся, але пасьля сыходу Лукашэнкі. Калі нават мяне пазбавяць беларускага грамадзянства, то пасля сыходу дыктатуры ўсё роўна ж вернуць.
Эмігранцкія будні
Цяпер займаюся перазапускам Віцебскага Кур'ера, бо ён быў на працяглай паўзе. Мой пераезд, вайна, рэпрэсіі адправілі рэсурс на змушаныя вакацыі. Пакуль не ўсё задуманае атрымліваецца, але праца ідзе.
Я збіраюся развіваць праект нягледзячы на тое, што мы заблакаваныя на тэрыторыі Беларусі. Трэба шукаць магчымасці данесці людзям інфармацыю. Люстэрка сайта - не самы лепшы варыянт. Ён працуе, але і трэба шукаць нешта яшчэ. Напрыклад, развіваць Ютуб канал, які не заблакуюць.
Працаваць з Германіі рэгіянальнаму выданню складана, але зараз практычна ўсе мае калегі ў такім жа становішчы. Спадзяюся, усё ў нас атрымаецца.